Эгіпта Старажытнага культура, культурныя здабыткі, творчыя дасягненні старажытных эгіпцян. Эгіпецкая цывілізацыя з'яўляецца (разам з месапатамскай) адной з найбольш старажытных у свеце. Яна праіснавала з канца 4 тыс. да н.э. да 332 да н.э., калі была заваявана войскамі Аляксандра Македонскага. Асаблівасць геаграфічнага становішча Эгіпта, размешчанага ў вузкай урадлівай даліне Ніла пасярод вялізных пустыняў, паўплывала на ізаляванасць і ўстойлівасць эгіпецкай культуры. Адной з найбольш важных адметных рыс старажытнаэгіпецкай культуры з'яўляецца яе сакральны (ад лац. sacralis - свяшчэнны) характар. Гэта значыць, што эгіпецкая культура была ў значнай ступені нібы «пранізана», насычана містычна-рэлігійнымі элементамі, архетыпамі, матывамі. Эгіпцяне нават лічылі, што іх краіна створана багамі і што да першых зямных цароў Эгіптам правілі богі, а потым паўбогі. Да ліку галоўных сімвалаў старажытнаэгіпецкай цывілізацыі і культуры адносяцца піраміда, фараон, анх, Ка. Эгіпцяне лічылі, што свяшчэнная, галоўная роля мастацтва заключаецца ў тым, каб забяспечваць несмяротнасць і праслаўляць уладу богападобных фараонаў. Таму розныя віды старажытнаэгіпецкага мастацтва былі даволі цесна звязаны з верай тагачасных людзей у замагільны свет, паслясмяротнае існаванне. У мастацкай культуры галоўную ролю адыгрывала архітэктура, асноўнымі прынцыпамі якой з'яўляліся манументальнасць і статычнасць. Тут упершыню былі выпрацаваны класічныя архітэктурныя формы і тыпы (піраміда, калона, абеліск). Выяўленчае мастацтва (скульптура, рэльеф, манументальны жывапіс) прытрымлівалася такіх прынцыпаў, як сіметрыя, статыка, геаметрычная абагульненасць, строгая франтальнасць. Унікальнай з'явай старажытнаэгіпецкай культуры было Амарнскае мастацтва. Літаратура Эгіпта падзялялася на рэлігійную (сакральную) і свецкую, прычым большую частку літаратурных помнікаў складалі рэлігійныя творы, у т.л. звязаныя з культам памерлых. У старажытным Эгіпце паспяхова развіваліся розныя навукі - астраномія, матэматыка, медыцына (яскрава праявілася ў майстэрстве бальзамавання і муміфікацыі). Спадчынай Е.С.к. з'яўляюцца такія феномены матэрыяльнай і духоўнай культуры, як калоны, абеліскі, храмы, сфінксы, вадзяныя і сонечныя гадзіннікі, культ памерлых і інш.

Паведаміць пра недакладнасьць