Інсітнае мастацтва (інсіта, наіўнае мастацтва), галіна выяўленчага мастацтва; творчасць мастакоў, якія не маюць прафесійнай мастацкай падрыхтоўкі. Атрымала пашырэнне з 1880-х г. у краінах Заходняй Эўропы (творчасць французскіх мастакоў А.Русо, К.Бамбуа, С.Луі і інш.). Тэрмін «І.м.» ўведзены ў 1966 г. славацкім мастацтвазнаўцам Ш.Ткачом. Творчасць мастакоў-інсітнікаў мае характар захаплення, выражаецца інстынктыўна, непасрэдна самабытна, суб'ектыўна, чым адрозніваецца ад самадзейнага мастацтва мастакоў-аматараў, арыентаваных на спасціжэнне прафесійнай мовы выяўленчага мастацтва. Стылістыка І.м. вызначаецца метафарычнасцю мастацкай мовы, дэталізацыяй, умоўнасцю перспектывы, імкненнем да абагульненасці тыпажу, лакальным колерам, перавагай размалёўкі над жывапіснасцю. У Беларусі пэўнымі рысамі І.м. вылучаюцца асобныя творы Я.Драздовіча, М.Засінца, І.Супрунчыка, М.Тарасюка, Л.Трахалёвай, В.Кавалеўскага і інш. Створаны музеі твораў Засінца (у Ельскім раёне Гомельскай вобласці) і Тарасюка (Пружанскі раён Берасцейскай вобласці). У 1994 г. у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі адбылася першая нацыянальная выстаўка І.м.

Паведаміць пра недакладнасьць