Інтуітывізм, філасофска-метадалагічная ўстаноўка і кірунак філасофіі, якія асноўным спосабам спасціжэння быцця лічаць непасрэднае, інтуітыўнае пранікненне ў сутнасць розных прадметаў і з'яў. Найбольш вядомыя прадстаўнікі і прыхільнікі І. - французскія філосафы А.Бергсон, Э.Жыльсон, Ж.Марытэн, нямецкія філосафы Э.Гусерль, М.Гартман, М.Шэлер, расейскія філосафы М.О.Лоскі, С.Л.Франк і інш. І. разглядае ірацыянальнае, «жывое» перажыванне ў якасці асновы філасофскага мыслення і адначасова найбольш дакладнага сродку пазнання рэчаіснасці. Для І. характэрна разуменне інтуіцыі як асобай, самай «каштоўнай» псіхічнай здольнасці ў параўнанні з дыскурсіўным, лагічным мысленнем. Ідэі І. набылі важнае значэнне ў розных містычных плынях, у якіх містычная інтуіцыя лічылася вышэйшай формай спасціжэння звышрэальнасці ў яе сувязі з рэальнасцю асабістага «Я». Упершыню на важную ролю інтуіцыі ў пазнанні рэчаіснасці звярнулі ўвагу яшчэ антычныя філосафы (Платон, Арыстоцель). Аднак як асобны філасофскі кірунак І. узнік на мяжы 19-20 ст., што з'яўлялася своеасаблівай рэакцыяй на шырокае распаўсюджанне рацыянальнага спосабу мыслення. Вылучаюцца дзве асноўныя разнавіднасці І. Для першай характэрна супрацьпастаўленне інтэлекта і інтуіцыі (А.Бергсон і іншыя прадстаўнікі філасофія жыцця), а для другой, наадварот, спроба арганічна спалучыць інтэлектуальнае і інтуітыўнае пазнанне. У цэлым І. імкнецца абгрунтаваць поўную аўтаномію інтуітыўнага пазнання ад прыродазнаўчага.

Паведаміць пра недакладнасьць