Галоўная старонка Навіны Пра праект Кантакт Спасылкі Кнігі ў PDF/DJVU Канвэртар лацінкі Бібліяграфія
Шукаць:    
 
 толькі ў назьве   шукаць ва ўсіх    віртуальная клявіятура Уставіць беларускае "і" Уставіць у-кароткае (ў)
 
 
 

Каталіцызм, адзін з асноўных кірункаў у хрысціянстве (побач з праваслаўем і пратэстантызмам). Канчаткова аформіўся як асобнае веравучэнне і царкоўная арганізацыя ў 1054 пасля падзелу хрысціянства на дзве галіны - заходнюю (К.) і ўсходнюю (праваслаўе). У 16 ст. у ходзе Рэфармацыі ад К. адкалоўся пратэстантызм. Для каталіцкай царквы характэрны строгая цэнтралізацыя, наяўнасць адзінага сусветнага цэнтру (Ватыкан), а таксама адзінага кіраўніка - Папы Рымскага, які лічыцца намеснікам Ісуса Хрыста на зямлі, непагрэшным у справах веры і маральнасці. Крыніцы веравызнання - Свяшчэннае Пісанне (Біблія), Свяшчэннае Паданне, якое акрамя старажытнай традыцыі ўключае пастановы першых 7 Усяленскіх сабораў (4-8 ст.), рашэнні пазнейшых царкоўных сабораў, папскія пасланні. У К. лічыцца, што Святы Дух сыходзіць не толькі ад Бога-Айца, але і Бога-Сына (філіёкве). Сярод іншых галоўных асаблівасцей К. - наяўнасць догматаў аб чысцілішчы, бязгрэшным зачацці і цялесным узнясенні Дзевы Марыі, рэзкае адмежаванне кліра ад міран, бясшлюбнасць (цэлібат) духавенства. Культ вызначаецца пышным тэатралізаваным богаслужэннем, падчас якога звычайна гучыць арганная музыка. З 1960-х г. у К. праводзіцца мадэрнізацыя дагматыкі, культу, арганізацыі і палітыкі. Сярод вернікаў католікі пераважаюць у многіх краінах Заходняй і Цэнтральнай Эўропы, у лацінаамерыканскіх краінах і інш. У 1990-я г. у свеце налічвалася каля 900 млн. прыхільнікаў К.

У Беларусі К. пашырыўся пасля Крэўскай вуніі 1385 у выглядзе рымска-каталіцкай царквы, а ў выніку Берасцейскай вуніі 1596 створана вуніяцкая (грэка-каталіцкая) царква. У 16-18 ст. каталіцкая царква спрычынілася да ўзмацнення акаталічвання і апалячвання часткі беларускага грамадства - найперш шляхты, магнацтва і мяшчанства. У пашырэнні К. значную ролю адыгралі манаскія ордэны езуітаў, дамініканцаў, францысканцаў, бенедыкцінцаў і інш., якія арганізоўвалі на беларускіх землях навучальныя ўстановы, бібліятэкі, друкарні. Езуіты стваралі калегіумы ў розных беларускіх гарадах (Берасце, Горадня, Нясвіж, Пінск, Слонім і інш.), у 1579 заснавалі Віленскую акадэмію, у 1812-1820 дзейнічала Полацкая езуіцкая акадэмія. З другой паловы 19 ст. закрываліся касцёлы і кляштары, масава будаваліся праваслаўныя цэрквы. Сярод найбольш вядомых прадстаўнікоў каталіцкай канфесіі можна назваць пісьменнікаў, асветнікаў М.Гусоўскага, М.К.Сарбеўскага, М.Пачобут-Адляніцкага, Я.Баршчэўскага, В.Дуніна-Марцінкевіча, Ф.Багушэвіча і інш. У сучасны перыяд каталіцкая царква ў Беларусі мае свой епіскапат, незалежны ад Польшчы, створаны адпаведныя епархіі. Па колькасці вернікаў К. з'яўляецца другой (пасля праваслаўя) канфесіяй, а па колькасці прыходаў - трэцяй (пасля праваслаўя і пратэстантызму). Зараз справаводства ў каталіцкай царкве вядзецца пераважна на беларускай мове, таксама па-беларуску праходзіць большасць богаслужэнняў, казанняў. У Горадні і Пінску дзейнічаюць духоўныя вышэйшыя каталіцкія семінарыі. Выдаецца мноства рэлігійных кніг, перыдычных выданняў (на беларускай і польскай мовах).

Культуралогія   Культуралогія
Галоўная старонка   Галоўная старонка
Даслаць ліст адміністратару Заўважылі недакладнасьць?
Паведаміце нам!
    (с) Электронная Энцыкляпэдыя, 2003-2020