Крыж, адзін з самых старажытных і распаўсюджаных універсальных сімвалаў. З'яўляецца таксама адным з галоўных хрысціянскіх сімвалаў і прадметаў культу. Яшчэ з першабытных часоў К. лічыўся ахоўным, рэлігійным сімвалам у многіх культурах свету. Быў абавязковым атрыбутам багоў у старажытнай Скандынавіі, Асірыі, Індыі, Персіі. У розных культурных традыцыях сустракаліся таксама такія трактоўкі сімволікі К., як «здароўе», «урадлівасць», «бессмяротнасць», «саюз зямлі і неба», «саюз духа і матэрыі», «саюз сонца і зор», «жыццё». Найперш К. адлюстроўвае арыенціроўку ў прасторы, кропку перасячэння верха-ніза і правага-левага, аб'яднанне многіх дуалістычных сістэм ў выглядзе цэласнасці, якая адпавядае вобразу чалавека з разгорнутымі рукамі. К. унутры кола (калёсны, колавы) з'яўляецца таксама сімвалам падзелу года на чатыры сезоны. Вертыкальная частка К. сімвалізуе таксама Вось Свету. У хрысціянстве К. - гэта сімвал Хрыста, яго распяцця і яго славы, а таксама хрысціянскай веры і царквы. К. нярэдка функцыянуе як сімвал вышэйшых сакральных каштоўнасцей. У аснове семантыкі К. - ідэя цэнтра і чатырох асноўных напрамкаў, якія ідуць ад цэнтра (знутры ў знешні свет). Уяўляе сабой таксама своеасаблівую мадэль чалавека або антропаморфнага божаства. Выступае як геаметрызаваны варыянт Сусветнага Дрэва з тымі ж двума асноўнымі сістэмамі каардынат. У беларускім фальклоры сустракаецца нямала выказванняў пра ролю і значэнне К. ў жыцці кожнага чалавека. Існуюць паказальныя прымаўкі і прыказкі: «Кожны нясе свой крыж», «Усе мы ходзім пад крыжам». У народнай культуры К. успрымаўся як магутная зброя супраць нячыстай сілы, д'ябла. У старажытных уяўленнях беларусаў К. быў таксама сімвалам нашай зямлі з 4 бакамі свету, якая ўтварылася з 4 прыродных стыхій. У паэзіі Я.Купалы нярэдка ўзгадваўся вобраз К., прычым пераважна для абазначэння надзвычайных пакут беларускага народа ў мінулым, але часам фігураваў і «паклонны крыж», якому можна заўсёды прыйсці і пакланіцца.

Паведаміць пра недакладнасьць