Культура (ад лац. cultura - апрацоўка, ураблянне), сукупнасць матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей (звычаяў, вераванняў, традыцый, ідэй, сімвалаў, твораў мастацтва, пабудоў, машын і г.д.), якія ствараюцца людзьмі ў працэсе фізічнай і разумовай працы для задавальнення іх разнастайных патрэбнасцей і перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Паняцце «К.» з'явілася ў эпоху рымскай антычнасці, дзе яно першапачаткова азначала «агракультуру» (г.зн. апрацоўку, культываванне зямлі). Выкарыстоўваецца для характарыстыкі пэўных гістарычных эпох (напр., антычная К.), канкрэтных грамадстваў, народаў (напр., К. майя), а таксама спецыфічных сфер жыцця і творчай дзейнасці (напр., мастацкая культура, культура побыту, К. працы). Традыцыйна падзяляецца на матэрыяльную культуру, духоўную культуру і сацыяльную К. (культура чалавечых адносін). Суб'ектам К. выступае чалавек, паколькі ён творыць, захоўвае і распаўсюджвае створаныя ім культурныя артэфакты (гл. таксама Суб'ект і аб'ект культуры). Паняцці чалавек і К. непарыўна ўзаемазвязаны, бо, з аднаго боку, чалавек стварае культурныя каштоўнасці, а з другога боку, К. прыкметна ўплывае на фармаванне светапогляду чалавека, асаблівасцей яго паводзін і дзеянняў. Развіваецца ў розных формах, выконвае разнастайныя сацыяльна значныя функцыі (гл. Формы культуры, Функцыі культуры). Існуе мноства вызначэнняў К. і падыходаў (антрапалагічны, філасофскі і сацыялагічны) да вытлумачэння яе сутнасці. Ужо ў 1964 амерыканскія даследчыкі А.Кробер і К.Клакхан зафіксавалі 257 дэфініцый К., а ў сярэдзіне 1980-х г. іх колькасць падвоілася. З'яўляецца своеасаблівым спосабам арганізацыі і гістарычнага развіцця чалавечай жыццядзейнасці, прадстаўленым у прадуктах матэрыяльнай і духоўнай працы, сістэме сацыяльных норм і ўстаноў, сукупнасці адносін людзей да прыроды, паміж сабой і да саміх сябе. Тэрмін «К.» выкарыстоўваецца таксама для абазначэння сукупнасці дасягненняў у эканамічнай, грамадскай і духоўнай сферах жыцця, узроўню, ступені развіцця якой-небудзь галіны фізічнай або разумовай дзейнасці. Паводле вызначэння ЮНЕСКА, да сферы К. адносяцца прэса і літаратура, музыка, драматычнае мастацтва, пластычнае мастацтва, кіно, фатаграфія, радыё і тэлебачанне, спорт, гульні і інш. У спецыяльнай Дэкларацыі, прынятай Сусветнай канферэнцыяй па культурнай палітыцы (Мехіка, 1982), адзначалася, што ў шырокім сэнсе К. уключае не толькі розныя віды мастацкай дзейнасці, але і спецыфічныя мадэлі паводзін, спосабы жыцця, фундаментальныя правы чалавека, сістэмы каштоўнасцей, традыцыі і звычаі.

Паведаміць пра недакладнасьць