Курас (грэч. kuros), у мастацтве Старажытнай Грэцыі статуя аголенага юнака-атлета. Узнік у мастацтве архаікі ў 7 ст. да н.э. як увасабленне ідэала фізічнай дасканаласці героя-атлета і воіна. З'яўляецца прысвячальнай або пахавальнай статуяй. Для К. былі характэрны абагульненасць формаў, дакладная франтальнасць пастаноўкі фігуры, т.зв. «архаічная» (ледзь бачная, неакрэсленая) усмешка; прамы стан і высунутая на паўстапы наперад левая нага; рукі апушчаны ўздоўж цела, прыціснуты да сцёгнаў; шырока раскрытыя вочы. Часам фігуры К. называлі «архаічнымі Апалонамі», бо лічылі, што яны ўвасабляюць менавіта гэтага грэчаскага бога. Мужчынскай фігуры К. адпавядала жаночая статуя Кора.

Паведаміць пра недакладнасьць