Маньерызм (ад лац. maniera - манера, стыль), мастацкі кірунак, які ўзнік у перыяд позняга Адраджэння у заходнеэўрапейскім мастацтве. Яго прадстаўнікі - пераважна італьянскія жывапісцы, скульптары, паэты - адмовіліся ад гуманістычнай канцэпцыі чалавека, ад рэнесанснага ўспрымання свету, пакінуўшы ў сваім арсенале толькі «манеру» вялікіх мастакоў Адраджэння. Праграмная мэта М. - выяўляць суб'ектыўную «унутраную ідэю» мастацкага вобраза, які нараджаецца ў душы мастака. Мастакі-маньерысты (Парміджаніна, Дж.Рамана, Панторма і інш.) стваралі творы пераважна алегарычнага характару, якія былі арыентаваны на вузкае кола знаўцаў і адзначаны трагізмам светаўспрымання, ускладнёнасцю поз і рухаў. У архітэктуры М. (Дж.Вазары, Б.Аманаці і інш.) праявіўся галоўным чынам у няўстойлівасці дынамічнай кампазіцыі, у празмерным дэкоры, імкненні да сцэнічных афектаў.

Паведаміць пра недакладнасьць