Галоўная старонка Навіны Пра праект Кантакт Спасылкі Кнігі ў PDF/DJVU Канвэртар лацінкі Бібліяграфія
Шукаць:    
 
 толькі ў назьве   шукаць ва ўсіх    віртуальная клявіятура Уставіць беларускае "і" Уставіць у-кароткае (ў)
 
 
 

Масавая культура (ад лац. massa - ком, кусок), новы тып, разнавіднасць культуры індустрыяльнага і постіндустрыяльнага грамадства. Іншыя яе назвы - камерцыйная, спажывецкая, папулярная, агульнадаступная культура. Яе ўзнікненне было абумоўлена навукова-тэхнічнай рэвалюцыяй, урбанізацыяй, разбурэннем лакальных супольнасцей і размываннем тэрытарыяльных і сацыяльных межаў. Паняцце «М.к.» з'явілася ў 1940-я г. у ЗША. Арыентавана на масавае распаўсюджанне сваіх духоўных і матэрыяльных каштоўнасцей на ўзроўні «усярэдненага» масавага спажыўца; функцыянуе як прамыслова-камерцыйная вытворчасць. З'яўляецца своеасаблівым «мастацтвам для ўсіх, для кожнага». М.к. атрымала найбольшае распаўсюджанне ў другой палове 20 ст. у сувязі з хуткім развіццём сродкаў масавай інфармацыі - тэлебачання і радыё, аўдыё- і відэатэхнікі, камп'ютэраў, Інтэрнету, перыядычных і іншых выданняў (газеты, часопісы, буклеты, альбомы) і г.д. Галоўным вытворцам М.к. з'яўляюцца Злучаныя Штаты Амерыкі, а асноўнымі спажыўцамі - прадстаўнікі пераважна заходняй цывілізацыі. Заснавана на розных ілюзіях, фантазіях, стэрэатыпах масавай свядомасці, моцна залежыць ад сучаснай моды, разлічана на прадстаўнікоў розных нацый, полаўзроставых супольнасцей і да т.п. Характэрныя асаблівасці М.к. - прымітывізацыя чалавечых адносін (г.зн. звядзенне іх сутнасці да канфлікту «добрых» і «дрэнных» людзей), культ моцнай асобы, грошай, поспеху, асабістага абагачэння, прапаганда канфармізму ў грамадскай свядомасці, жорсткасці, насілля, сексу, выкарыстанне разнастайных паўзабароненых і ўзбуджаючых тэм, вобразаў і мастацкіх сродкаў (напрыклад, сенсацыйныя «жоўтыя» факты, містычныя таямніцы), штучная забаўляльнасць, натуралізм і інш. Асноўнымі кірункамі М.к. ў розных відах культуры можна лічыць наступныя: у літаратуры - дэтэктыў, прыгоды, фантастыка, т.зв. «бульварная літаратура»; у кіно - баявік, трылер, меладрама, «мыльная опера»; у выяўленчым мастацтве - карыкатура, комікс; у музыцы - рок- і поп-музыка; а таксама разнастайныя шоў (напр., эстрадныя канцэрты, музычна-тэатральныя пастаноўкі, цыркавыя, спартовыя прадстаўленні, мастацкія акцыі, выступленні гумарыстаў-сатырыкаў, стрыптыз). Тыповымі героямі і сімваламі М.к. з'яўляюцца, напр., суперагент Джэймс Бонд, Тэрмінатар, усякія супермены, разнастайныя секс-сімвалы і інш. Па свайму ўзроўню масавая культура стаіць звычайна ніжэй за элітарную культуру і народную культуру.

Культуралогія   Культуралогія
Галоўная старонка   Галоўная старонка
Даслаць ліст адміністратару Заўважылі недакладнасьць?
Паведаміце нам!
    (с) Электронная Энцыкляпэдыя, 2003-2019