Менталітэт (ментальнасць; ад лац. mens - розум, мысленне), своеасаблівы спосаб мыслення, склад розуму асобнага чалавека або якой-небудзь супольнасці людзей. Тэрмін «М.» упершыню пачаў выкарыстоўвацца ў ангельскай філасофіі 17 ст. (Ф.Бэкан, Т.Гобс, Дж.Лок); у навуковы ўжытак уведзены амерыканскім філосафам Р.У.Эмерсонам у другой палове 19 ст. Па сваёй сутнасці і зместу М. з'яўляецца цяжкавытлумачальнай крыніцай мыслення, ідэалогіі і веры, эмоцый і пачуццяў чалавека. З'яўляецца праявай глыбінных пластоў свядомасці і падсвядомасці чалавека, асн. крыніцай яго веры, перакананняў, эмоцый і пачуццяў. Фармуецца пад уплывам прыродна-кліматычных умоў, адметных рысаў гістарычнага шляху краіны, культурных традыцый, звычаяў і абрадаў, мовы. Працяглы час М. захоўвае амаль нязменным сваё ўнутранае ядро, можа выступаць як фактар паскарэння гістарычнага прагрэсу, або як прычына «адставання», ці супраціўлення зменам у сацыяльна-эканамічнай і палітычнай сферах. (т.зв. «інерцыя М.»). У сферы М. «аб'ядноўваюцца» свядомае і падсвядомае (неўсвядомленае), рацыянальнае і эмацыянальнае, прыроднае і культурнае, індывідуальнае і грамадскае. Прадстаўнікі розных гістарычных эпох, краін, народаў, сацыяльных, канфесіянальных, этнічных, полаўзроставых супольнасцей маюць спецыфічны, унікальны М., хаця яго асобныя рысы могуць быць падобныя, а часам і амаль аднолькавыя. Структура М. уключае такія элементы, як уяўленні аб прасторы і часе, чалавеку і яго стаўленні да розных з'яў грамадскага жыцця, праве, працы, сям'і, дружбе, каханні, душы, духу і інш. Вылучаюць розныя ўзроўні (індывідуальны і калектыўны) і разнавіднасці М. (нацыянальны, рэлігійны, сервілісцкі, бюракратычны, таталітарны, першабытны, сярэднявечны, дзіцячы, афрыканскі, эўрапейскі і г.д.).

М. беларусаў фармаваўся на працягу многіх стагоддзяў і набываў свае тыповыя рысы ў адмысловых абставінах грамадскага і культурна-духоўнага жыцця. У старажытны перыяд для М. жыхароў Беларусі былі ўласцівы язычніцкі політэізм, абагаўленне зямлі, крыніц, нябесных свяціл, дрэў, камянёў і іншых прыродных з'яў (пантэізм), перакананне ў рэальным існаванні душы, злых і добрых духаў (анімізм), вера ў цудадзейную сілу асобных слоў, выразаў (вербальная магія), адчуванне непарыўнага адзінства паміж чалавекам і ўсёй навакольнай прасторай, містычныя погляды і інш. Пасля прыняцця хрысціянства адбывалася своеасаблівае перапляценне, узаемапранікненне двух тыпаў М. - язычніцкага і хрысціянскага, для якога былі характэрны монатэізм, уяўленні аб стварэнні Сусвету і чалавека па волі Божай, аб неабходнасці для выратавання душы выконваць спецыяльныя абрады, ушаноўваць хрысціянскіх святых, адзначаць рэлігійныя святы і г.д. Практычна заўсёды беларусам была ўласціва моцная прывязанасць да сваёй зямлі, да свайго роднага кутка, пастаяннае імкненне гарманічна прыстасаваць працу і адпачынак да пэўных прыродна-сезонных цыклаў, пораў года (т.зв. каляндарны тып М.) і да т.п.

Паведаміць пра недакладнасьць