Галоўная старонка Навіны Пра праект Кантакт Спасылкі Кнігі ў PDF/DJVU Канвэртар лацінкі Бібліяграфія
Шукаць:    
 
 толькі ў назьве   шукаць ва ўсіх    віртуальная клявіятура Уставіць беларускае "і" Уставіць у-кароткае (ў)
 
 
 

Месапатаміі (Міжрэчча) культура, сукупнасць культурных каштоўнасцей, створаных старажытнымі жыхарамі Месапатаміі (Міжрэчча) - шумерамі, вавіланянамі, асірыйцамі і інш. Самая старажытная з высокаразвітых культур, якія ўзніклі і развіваліся на цывілізаванай аснове. Прыблізна ў 4 тыс. да н.э. шумеры засялілі паўднёвую частку Міжрэчча і сталі стваральнікамі першай цывілізацыі ў свеце - месапатамскай (дакладней, шумерскай). У канцы 4-га - пачатку 3-га тыс. да н.э. на поўдні Месапатаміі ўзнікла некалькі больш-менш вялікіх гарадоў-дзяржаў, найбольш магутнымі з якіх былі Ур, Урук, Лагаш і інш. Месапатамская цывілізацыя, таксама як і іншыя старажытныя цывілізацыі свету (эгіпецкая, індыйская, кітайская) была рачной, паколькі ўзнікла і развівалася ва ўрадлівай даліне рэк Тыгр і Еўфрат. Для М.(М.)к. характэрны наступныя рысы: поліэтнічны, «шматслойны» характар, таму што яна фармавалася ў працэсе неаднаразовага ўзаемапранікнення і ўзаемаўплыву розных этнічных супольнасцей (народаў); яўна выяўлены рэлігійны характар, што адлюстроўвалася ў значнай ролі рэлігійных культаў, інстытута свяшчэнства ў жыцці дзяржавы; своеасаблівая «полідзяржаўнасць» культуры, якая развівалася ў межах розных дзяржаўных утварэнняў. Да ліку асноўных культурных дасягненняў месапатамскай цывілізацыі адносіцца стварэнне першай сістэмы пісьма (т.зв. клінапіс); узнікненне дзяржаўнага заканадаўства, першых эпічных твораў, грамадскіх школ («эдубы», ці «дамы таблічак»), бібліятэк, сонечнага каляндара, першай карты зорнага неба, складанне гараскопаў, вынаходніцтва кола са спіцамі. Цэнтрамі культурнага развіцця Месапатаміі былі асобныя гарады-дзяржавы, дзе канцэнтраваліся галоўныя храмы, палацы мясцовых уладароў, школы, бібліятэкі, рамесніцкія майстэрні і да т.п. Кіраўнік горада-дзяржавы лічыўся нашчадкам багоў і ўспрымаўся як сапраўдны «зямны бог»; ён жа нярэдка быў не толькі свецкім, але і рэлігійным кіраўніком (дакладней, вярхоўным жрацом). У гарадах Месапатаміі сапраўдным рэлігійным, гаспадарчым і адміністрацыйным цэнтрам быў галоўны храм з навакольнымі пабудовамі.

Культуралогія   Культуралогія
Галоўная старонка   Галоўная старонка
Даслаць ліст адміністратару Заўважылі недакладнасьць?
Паведаміце нам!
    (с) Электронная Энцыкляпэдыя, 2003-2019