Поп-арт (англ. pop art - папулярнае, агульнадаступнае мастацтва), мадэрнісцкая мастацкая плынь, якая ўзнікла ў другой палове 1950-х г. у ЗША і Вялікабрытаніі. Адмовіўся ад звычайных метадаў жывапісу і скульптуры, культывуе нібы выпадковае, часта парадаксальнае спалучэнне гатовых бытавых прадметаў, механічных копій (фатаграфія, муляж, рэпрадукцыя), фрагментаў масавых друкаваных выданняў розных формаў (рэклама, прамысловая графіка, коміксы і інш.). Прадстаўнікі П.-а. выкарыстоўваюць у сваіх кампазіцыях рэальныя бытавыя прадметы (кансервавыя банкі, часткі машын, старыя рэчы) і іх механічныя копіі (фотаздымкі, рэпрадукцыі, муляжы, выразкі з коміксаў і ілюстраваных часопісаў). П.-а. лічыць выпадковае, адвольнае спалучэнне падобных рэчаў сапраўдным сучасным мастацтвам. Сярод адметных рысаў П.-а. - парадаксалізм і абсурднасць, іронія і сарказм, імкненне паказаць адваротны бок традыцыйных з'яў і феноменаў, свядомае парушэнне рэальных прапорцый і аб'ёмаў. Прыхільнікі П.-а. былі аднымі з ініцыятараў такіх новых форм мастацкага самавыяўлення, як інсталяцыя, інварайнмент, хэпенінг.

Паведаміць пра недакладнасьць