Пратэстантызм (ад лац. protestans - той, хто публічна даказвае), адзін з трох асноўных кірункаў хрысціянства (разам з каталіцызмам і праваслаўем). Адкалоўся ад каталіцызму ў ходзе Рэфармацыі (16 ст.). Аб'ядноўвае мноства самастойных плыняў, цэркваў, сект (лютэранства, кальвінізм, англіканская царква, баптысты, метадысты, адвентысты і інш.). Для П. характэрны: адсутнасць прынцыповага супрацьпастаўлення духавенства цывільным, адмаўленне ад складанай царкоўнай іерархіі, спрошчаны культ, адсутнасць манаства. У П. няма культу Багародзіцы, святых, анёлаў, абразоў, а колькасць таінстваў зведзена да двух (хрышчэнне і прычашчэнне). Прынцып усеагульнага свяшчэнства заклаў аснову дэмакратычнай арганізацыі абшчын (роўнасць цывільных і духавенства; выбарнасць; справаздачнасць). Асноўная крыніца веравучэння - Свяшчэннае Пісанне (Біблія). Распаўсюджаны галоўным чынам у ЗША, Вялікабрытаніі, Германіі, Нідэрландах, Швейцарыі, Аўстраліі, Канадзе, скандынаўскіх і прыбалтыйскіх краінах. Агульная колькасць прыхільнікаў звыш 300 млн. чал. У 16 ст. на беларускіх землях П. пашырыўся найперш у форме кальвінізму (рэфармацтва), у меншай ступені - лютэранства, арыянства. Пратэстанцкую веру прымалі звычайна прадстаўнікі мясцовага магнацтва, шляхты, а таксама частка гараджан. З другой паловы 16 ст. пад уплывам узмацнення Контррэфармацыі пэўная колькасць былых пратэстантаў была вымушана перайсці ў каталіцтва. У сучасны перыяд П. прадстаўлены ў Беларусі такімі плынямі, як лютэранства, баптызм, пяцідзесятніцтва, адвентызм, рэфармацтва, менаніцтва і інш.

Паведаміць пра недакладнасьць