Рэалізм у мастацтве,

1) паняцце, якое характарызуе пазнавальную функцыю мастацтва: праўда жыцця, увасобленая спецыфічнымі сродкамі мастацтва, мера яго пранікнення ў рэальнасць, глыбіня і паўната яе мастацкага пазнання. У такім сэнсе Р. выступае асноўнай тэндэнцыяй гістарычнага развіцця мастацтва, якая ўласціва розным яго відам, стылям, эпохам (таму прынята гаварыць аб Р. у мастацтве антычнасці і Асветніцтва, у старажытным і сярэднявечным фальклоры, у творчасці асобных пісьменнікаў.

2) Мастацкі стыль, які сфармаваўся на працягу 1830-1840-х г. у Англіі і Францыі і ў сярэдзіне 19 ст. стаў вядучым кірункам у эўрапейскай культуры. Для яго характэрны рэалістычнае адлюстраванне рэчаіснасці, абвостраная ўвага да сацыяльных праблем, крытыка існуючых грамадска-палітычных парадкаў, норм і каштоўнасцей буржуазнага ладу жыцця. Галоўныя прынцыпы Р. - праўдзівасць дэталяў, паказ тыповых характараў, якія дзейнічаюць у тыповых абставінах. Супрацьстаяў рамантызму з яго экзальтаванай ідэалізацыяй унутраных перажыванняў асобы. Сярод буйнейшых прадстаўнікоў Р. у розных відах мастацтва 19-20 ст. - Стэндаль, А.Бальзак, Ч.Дзікенс, Г.Флабер, Л.Талстой, Ф.Дастаеўскі, А.Чэхаў, М.Твэн, Т.Ман, У.Фолкнер, Г.Курбэ, І.Рэпін, В.Сурыкаў, Дж.Вердзі, М.Мусаргскі, К.Станіслаўскі і інш.

У Беларусі рысы Р. выявіліся ў фальклоры, у паэме М.Гусоўскага «Песня пра зубра», палемічнай літаратуры другой паловы 16-17 ст., «Камедыі» К.Марашэўскага, бурлескных паэмах «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе», творчасці В.Дуніна-Марцінкевіча. У 1880-1890-я г. як асобны мастацкі метад фармуецца «крытычны рэалізм». Упершыню ў беларускай літаратуры паслядоўна праводзіў рэалістычныя тэндэнцыі Ф.Багушэвіч. У сучасны перыяд разам з рэалістычнымі ствараюцца і авангардысцкія, постмадэрнісцкія літаратурныя творы. У розных відах мастацтва рэалістычныя прыкметы заўважаліся практычна на ўсіх этапах іх развіцця: у кніжнай (з 11 ст.) і станковай (з 16 ст.) графіцы, творах беларускай іканапіснай школы, свецкім манументальным і станковым жывапісе, у скульптуры (у т.л. драўлянай). Ва ўсіх жанрах станковага жывапісу і графікі рэалістычныя тэндэнцыі пачалі пашырацца з пачатку 19 ст., а ў другой палове 19 ст. зацвердзіліся як вядучы творчы метад. У 1920-1930-я г. пачалі замацоўвацца прынцыпы сацыялістычнага рэалізму. Вядомымі прадстаўнікамі Р. у гістарычным, партрэтным і бытавым жанрах былі К.Альхімовіч, Н.Сілівановіч, Б.Русецкі і інш., у пейзажным - А.Гараўскі, Г.Вейсенгоф і інш.

Паведаміць пра недакладнасьць