Сацыялістычны рэалізм, тэрмін, які выкарыстоўваўся ў савецкім літаратуразнаўзстве і мастацтазнаўстве з пачатку 1930-х г. для абазначэння «асноўнага метаду» літаратуры, мастацтва і крытыкі, які «патрабуе ад мастака праўдзівага, гістарычна канкрэтнага выяўлення рэчаіснасці ў яе рэвалюцыйным развіцці». Творы С.р. павінны былі дапамагаць выхоўваць савецкіх грамадзян «у духу сацыялізму». Звужаў разнастайнасць форм, плыняў, кірункаў у мастацтве, падштурхоўваў мастакоў да палітычнай тэндэнцыйнасці, выяўлення «партыйнасці мастацтва», яго «сацыялістычнай ідэйнасці». Устаноўкі С.р. (у т.л. культ сацыяльнага аптымізму і прагрэсу, змяншэнне ролі біялагічнага, інтуітыўнага або рэлігійнага ў матывацыі чалавечых паводзін, дзеянняў) прывялі да выкаранення ў культурным жыцці краіны твораў таленавітых пісьменнікаў (Г.Ахматавай, М.Булгакава), Дз.Шастаковіча, С.Эйзенштэйна, П.Філонава і інш.) і стымулявалі стварэнне канфармісцкіх твораў, адзначаных стандартнай псіхалогіяй, вульгарнай сацыялогіяй, псеўдагістарызмам. Спробы пашырыць «тэарэтычную базу» С.р. ідэямі «народнасці» (канец 1930-х г.), «сацыялістычнага гуманізму» (з канца 1950-х г.) або прынцыпамі эстэтычна «адкрытай сісітэмы» (у 1970-я г.) не маглі змяніь афіцыйнага статусу і ідэалагічнай прыроды гэтай з'явы. У канцы 1980 - пачатку 1990-х г. С.р. стаў гісторыка-літаратурным тэрмінам.

Паведаміць пра недакладнасьць