Святы, урачыстыя, знамяняльныя дні (нярэдка выхадныя, нерабочыя) у гонар або ў памяць якой-небудзь важнай падзеі, даты, гістарычнай асобы. Узніклі ў глыбокай старажытнасці, у перыяд існавання першабытнага грамадства. Адной з важных прыкмет С. лічыцца іх больш-менш цесная сувязь са сферай сакральнага (г.зн. свяшчэннага, містычнага, патаемнага). У час С. звычайна поўнасцю ці часткова забараняюцца розныя віды працоўнай дзейнасці. Могуць суправаджацца музыкай, песнямі і танцамі, выкананнем адпаведных рытуалаў, абрадаў і звычаяў, гульнямі і ігрышчамі, тэатралізаванымі, магічнымі элементамі, ужываннем асобай святочнай ежы, апрананнем спецыяльнай вопраткі (святочныя касцюмы, маскі). У навуцы прынята падзяляць С. на народныя, рэлігійныя, агульнадзяржаўныя, працоўныя, сусветнай і айчыннай гісторыі, культуры, спорту, сямейна-бытавыя.

Да беларускіх народных С. і святочных дзён адносяцца Каляды, Грамніцы, Масленка, Гуканне вясны, Саракі, Вялікдзень, Радаўніца, Юр'е, Зялёныя святкі (Сёмуха), Купалле, Жніво (зажынкі і дажынкі), Спас, Багач, Пакровы, Піліпаўка і інш. Старажытныя беларускія народныя С. звычайна прымяркоўваліся да найбольш значных, паваротных момантаў гадавога астранамічнага і каляндарна-земляробчага цыклаў (дні зімовага і летняга сонцастаяння, вясенняга і асенняга раўнадзенства; пачатак і заканчэнне сяўбы, сенакосу, уборкі ўраджаю). Адной з істотных асаблівасцей беларускіх народных С. з'яўляецца надзвычай добрая захаванасць найбольш старажытных, дахрысціянскіх, язычніцкіх элементаў. Рэлігійнымі С. называюцца асобыя знамянальныя дні, якія адзначаюцца ў памяць пра розныя важныя царкоўныя падзеі і ў гонар рэлігійных персанажаў (багоў, святых). Усе хрысціянскія святы падзяляюцца на 12 галоўных (або двунадзесятых) і 5 вялікіх. Да ліку галоўных з іх адносяцца Раство Хрыстова, Хрышчэнне Гасподняе, Стрэчанне Гасподняе, Благавешчанне Прасвятой Багародзіцы, Праабражэнне Гасподняе, Успенне Прасвятой Багародзіцы, Раство Прасвятой Багародзіцы, Узвіжанне Крыжа Гасподняга, Увядзенне ў храм Прасвятой Багародзіцы), а таксама Ўваход Гасподні ў Ерусалім, Узнясенне Гасподняе, Дзень Святой Троіцы. У Беларусі да ліку агульнадзяржаўных С. адносяцца Новы год (1 студзеня), Свята працы (1 траўня), Дзень Перамогі (9 траўня), Дзень Рэспублікі і Дзень вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў (3 ліпеня) і інш.

Паведаміць пра недакладнасьць