Талстой Леў Мікалаевіч (1828-1910), расейскі пісьменнік. Па сацыяльнаму паходжанню граф. Ганаровы акадэмік Пецярбургскай АН (з 1900). Атрымаў хатнюю адукацыю. Вучыўся на факультэце ўсходніх моў Казанскага ўніверсітэта. Склаў некалькі падручнікаў для пачатковага навучання, выдаваў педагагічны часопіс. Дэбютаваў аўтабіяграфічнай трылогіяй «Дзяцінства» (1852), «Малалецтва» (1852-1854), «Юнацтва» (1855-1857). Творчасць Т. вызначаецца пакутлівымі пошукамі сэнсу жыцця, маральнага ідэалу, агульных заканамернасцей быцця, духоўным і сацыяльным крытыцызмам. Гэтыя рысы знайшлі адлюстраванне ў яго найбольш знакамітых раманах - эпапеі «Вайна і мір» (1863-1869), «Ганна Карэніна» (1873-1877), «Уваскрэсенне» (1889-1899), а таксама ў аповесцях «Крэйцэрава саната» (1887-1889), «Хаджы-Мурат» (1896-1904), драме «Улада цемры» (1887) і інш. Жыццёвая філасофія Т., якая найвышэйшай мэтай і сэнсам жыцця лічыла яднанне і самаўдасканаленне людзей праз адмаўленне «служыць злу» («непраціўленне злу насіллем»), атрымала назву «талстоўства». У 1898 апублікаваў трактат «Што такое мастацтва?», у якім сцвярджаў, што мастацкі твор толькі тады можна лічыць мастацтвам, калі ён «заражае» чытача, слухача ці гледача душэўным станам яго творцы. На яго думку, вышэйшага ўзроўню дасягае рэлігійнае мастацтва, якое «зараджае» людзей пачуццём любові да Бога і чалавека. Аўтар публістычных твораў маралізатарскага характару, у т.л. «Споведзь» (1879-1882), «У чым мая вера?» (1884) і інш.

Паведаміць пра недакладнасьць