Філасофія жыцця, філасофская плынь канца 19 - пачатку 20 ст., якая зыходзіць з паняцця «жыцця» як нейкай інтуітыўна спасцігальнай арганічнай цэласнасці і творчай дынамікі быцця. Прадстаўнікі Ф.ж. (А.Шапенгаўэр, Ф.Ніцшэ, А.Бергсан і інш.) абапіраліся на ірацыяналізм, навуку лічылі варожай чалавеку і культуры, а таму поўнасцю адвяргалі навуковы спосаб пазнання. У цэнтры іх увагі знаходзіўся чалавек, яго ўнутраны свет, працэсы свядомасці і псіхалагічныя перажыванні. У розных варыянтах гэтай плыні «жыццё» тлумачыцца як натуральна-арганічны пачатак у супрацьвагу механічна-разважліваму (Ф.Ніцшэ), як касмічная сіла, якая стварае новыя формы («жыццёвы парыў» А.Бергсана), або як гістарычны працэс, што рэалізуецца ў непаўторных індывідуальных вобразах культуры (В.Дзільтэй, Г.Зімель).

Паведаміць пра недакладнасьць