Футурызм (ад лац. futurum - будучыня), адна з авангардысцкіх плыняў у выяўленчым мастацтве і літаратуры 1910-1920-х г. у Італіі і Расеі. Сярод асноўных прадстаўнікоў - Ф.Марынеці, У.Бачоні, Дж.Северыні, В.Хлебнікаў, І.Севяранін, В.Каменскі і інш. Атрымаў пашырэнне і ў галіне скульптуры, літаратуры. Імкнуўся стварыць «мастацтва будучыні», адмаўляў традыцыйную культуру, яе мастацкія нормы і каштоўнасці, культываваў эстэтыку ўрбанізму і машыннай індустрыі, узвышаў індустрыяльную цывілізацыю і сучасны вялікі горад. Футурысты не прызнавалі гармонію ў якасці прынцыпа мастацтва, свядома дэфармавалі прапорцыі, формы (іх патрабаванне - «адкрыць фігуру, як вакно» дзеля паказу яе светапранікальнасці, унутраных аб'ёмаў), прымянялі рэзкія колеравыя кантрасты. У галіне літаратуры творы Ф. вызначаліся дэфармацыямі слоў, выкарыстаннем матэматычных і музычных знакаў, асобных фрагментаў, «тэлеграфнай мовы» і інш.

Паведаміць пра недакладнасьць