Эвалюцыянізм (ад лац. evolutio - разгортванне), кірунак у культуралогіі і сацыялогіі, які быў пашыраны ў 19 - пачатку 20 ст. у розных эўрапейскіх краінах і ЗША. Заснавальнікі і асноўныя прадтаўнікі - Э.Б.Тайлар, Л.Г.Морган, Дж.Фрэзер, А.Басціан, Ю.Ліперт, Ш.Летурна і інш. У Э. дынаміка грамадскага і культурнага жыцця тлумачыцца як эвалюцыйны працэс, які выяўляецца ў бесперапынных і паступовых зменах, характэрных для ўсіх народаў свету на шляху ад эпох дзікасці, варварства да цывілізацыі. Эвалюцыяністы разглядалі кожную з'яву культуры як асобнае звяно ў агульным ланцугу эвалюцыі. Прадстаўнікі Э. лічылі, што ў культуры дзейнічаюць законы эвалюцыі, аналагічныя заканамернасцям развіцця жывой прыроды. Э. адносіцца да ліку эндагенных канцэпцый, тэорый, г.зн. такіх, якія тлумачаць зараджэнне і развіццё пэўных з'яў, феноменаў пад уплывам унутраных фактараў.

Паведаміць пра недакладнасьць