Эйзенштэйн Сяргей Міхайлавіч (1898-1948), расейскі кінарэжысёр, тэарэтык кіно, педагог. Адзін з буйнейшых наватараў у галіне кінаформы, кінамовы. Доктар мастацтвазнаўства (1939). Заслужаны дзеяч мастацтваў СССР (1935). Скончыў Рыжскую рэальную навучальню (1915), вучыўся ў Петраградскім інстытуце грамадзянскіх інжынераў. Удзельнічаў у самадзейнасці як акцёр, рэжысёр, мастак. У 1921-1922 быў слухачом і рэжысёрам-стажорам Дзяржаўных вышэйшых рэжысёрскіх майстэрняў пад кіраўніцтвам У.Мейерхольда. Вёў выкладчыцкую дзейнасць у Інстытуце кінематаграфіі (Масква). У тэатральных пастаноўках распрацоўваў новыя прынцыпы арганізацыі драматычнага дзеяння, якія збліжалі сцэнічнае мастацтва з цыркам і эстрадай. Пошукі новай кінематаграфічнай мовы - адкрыццё новых магчымасцей мантажа, рытма, буйнога плана, ракурса - былі ажыццёўлены ў знятай на «Масфільме» серыі гісторыка-рэвалюцыйных карцін - «Стачка» (1925), «Браненосец «Пацёмкін» (1925), «Кастрычнік» (1927; разам з Г.Аляксандравым). Э. імкнуўся да сінтэзу дзеяння і выявы, слова і музыкі. Яго фільм «Браненосец Пацёмкін» неаднаразова ўключаўся ў спіс дзесяці лепшых карцін сусветнага кінематографа. У 1930-я г. работы Э. неаднаразова падвяргаліся афіцыйнай ідэалагічнай крытыцы. Для яго творчай манеры характэрны метафарычнасць, экспрэсія, схільнасць да сімвалічнай вобразнасці, да своеасаблівага «мантажа атракцыёнаў» (эфектнае спалучэнне нярэдка неспалучальнага), які дазваляе аўтару пераўвасабляць рэчаіснасць. Пасля патрыятычнай карціны «Аляксандар Неўскі» (1938) паставіў гістарычны фільм «Іван Грозны» (1945; 2-я серыя выпушчана ў свет у 1958), які афіцыйныя ўлады абвінавачвалі ў скажэнні расейскай гісторыі і вобразаў яе дзеячаў. Свой багаты творчы вопыт Э. асэнсаваў у мностве тэарэтычных работ.

Паведаміць пра недакладнасьць