Экспансія культурная (ад лац. expansio - распаўсюджанне), распаўсюджанне сферы ўплыву дамінуючай (нацыянальнай) культуры за першапачатковыя межы або дзяржаўныя граніцы. У другой палове 20 ст. адбылася беспрэцэдэнтная Э.к. Злучаных Штатаў Амерыкі ў многія краіны свету. Пасля другой сусветнай вайны яна пашырылася на краіны Заходняй Эўропы, у 1960-я г. - на Японію, у 1970-я г. - краіны Лацінскай Амерыкі, у 1990-я г. - краіны Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. У выніку Э.к. развітых заходніх краін звычайна адбываецца паступовая вестэрнізацыя грамадскага жыцця менш развітых у сацыяльна-эканамічных адносінах краін. Ажыццяўляецца ў першую чаргу праз сучасныя сродкі масавай інфармацыі і асобныя віды мастацтва - тэлебачанне, радыё, Інтэрнет, папулярную музыку, кінематограф. Праяўляецца ў распаўсюджанні адпаведных каштоўнасцей, звычаяў, сімвалаў і культурных артэфактаў (фільмаў, відэакасет, камп'ютэрных праграм, кніг, часопісаў, моднага адзення і інш.) на эўрапейскія, лацінаамерыканскія, афрыканскія і азіяцкія краіны.

Паведаміць пра недакладнасьць