Экспрэсіянізм (ад франц. expression - выяўленне), кірунак у эўрапейскім мастацтве першай трэці 20 ст. Узнік і атрымаў пашырэнне ў Германіі ў пачатку 20 ст. Аднак першым творам, напісаным у духу Э., асобныя даследчыкі лічаць карціну нарвежскага мастака Э.Мунка «Крык» (1893). Асноўныя прадстаўнікі - нямецкія мастакі Э.Кірхнер, Э.Нольдэ, М.Пехштэйн, Ф.Марк. У 1905 у нямецкім горадзе Дрэздэн было створана аб'яднанне мастакоў «Мост», якое запрашала ўсіх тых, «хто непасрэдна і непадроблена перадае тое, што яго падахвочвае да творчасці». Э. быў фактычна забаронены ў 1933 у сувязі з прыходам да ўлады нацыстаў. Экспрэсіяністы найбольш адэкватным спосабам пазнання лічылі інтэлектуальную інтуіцыю і спрабавалі выявіць не сам знешні свет, а свае да яго адносіны. Для Э. уласцівы наступныя рысы - парушэнне прапорцый і дэфармацыя аб'ектаў, прадметаў; абвостраная экспрэсія; цяга да абстрактнай абагульненасці, гратэскавасці; вострая сацыяльная і антываенная пазіцыя; імкненне выявіць трагізм чалавечага быцця. Знайшоў праяўленне таксама і ў вобласці літаратуры, тэатра, кіно.

Паведаміць пра недакладнасьць