Элітарная культура, спецыфічная форма культуры, якая ствараецца прывілеяванай часткай грамадства або па яе заказу высокапрафесійнымі творцамі. Яе асноўнымі стваральнікамі і адначасова спажыўцамі выступаюць прадстаўнікі культурнай эліты грамадства - пісьменнікі, музыканты, мастакі, акцёры, філосафы, вучоныя і інш., якія валодаюць творчай адоранасцю і выключнай мастацкай успрымальнасцю. Э.к. уключае найперш выяўленчае мастацтва, класічную музыку і літаратуру. Па свайму ўзроўню нярэдка бывае надзвычай складанай або зусім незразумелай для сярэдне- і нізкаадукаваных людзей. Яе своеасаблівы дэвіз - «Мастацтва дзеля мастацтва». Адныя і тыя ж віды мастацтва могуць належаць «высокай» і масавай культурам (напр., класічная музыка - элітарнай, а папулярная - адпаведна масавай). Элітарныя тэндэнцыі атрымалі надзвычайнае пашырэнне ў 20 ст. і былі ўласцівы пераважна авангардысцкаму, мадэрнісцкаму і постмадэрнісцкаму мастацтвам. Надзвычай арыгінальныя, наватарскія творы Э.к. могуць значна апярэджваць свой час, а таму яны нярэдка атрымліваюць належнае прызнанне з боку грамадства толькі праз многія гады і нават дзесяцігоддзі.

Паведаміць пра недакладнасьць