Эпікурэізм, сукупнасць вучэнняў, якія сыходзілі з ідэй старажытнагрэчаскага філосафа Эпікура (341-270 да н.э.). Быў пашыраны ў Старажытнай Грэцыі, а пазней і ў Старажытным Рыме (Лукрэцый, Гарацый і інш.). Эпікур заснаваў у Афінах сваю школу, дзе вёў выкладанне шляхам гутарак з сябрамі і вучнямі ў сваім садзе (т.зв. «сад Эпікура»). Паколькі дэвізам Э. было выказванне «жыві адасоблена і непрыкметна», то сапраўды мудры чалавек павінен знаходзіць шчасце ўнутры сябе і жыць у ціхім месцы ў асяроддзі найбліжэйшых людзей. У адпаведнасці з Э., сутнасць шчасця заключаецца ў «ціхамірнасці душы», у адсутнасці пакутаў, наяўнасці фізічнай і найперш духоўнай асалоды, ва ўменні радавацца жыццю ў розных яго праявах. Эпікурэйцы спавядалі сапраўдны культ кахання, бо лічылі яго вышэйшым з усіх духоўных задавальненняў. Ідэі Э. зноў прыцягнулі ўвагу ў эпоху Адраджэння, а пазней у матэрыялістычных і асветніцкіх плынях 17-18 ст. (П.Гасендзі і інш.).

Паведаміць пра недакладнасьць