Янкоўскі Расціслаў (н. 1930), беларускі акцёр. Народны артыст Беларусі (1967). Народны артыст СССР (1978). Акадэмік Міжнароднай акадэміі тэатра (2001). Скончыў студыю пры Ленінабадскім драматычным тэатры (1951). З 1957 у Дзяржаўным расейскім драматычным тэатры Беларусі. Сярод яго лепшых роляў - Фларыян Гайшун («Вяртанне ў Хатынь» паводле А.Адамовіча), Макбет, Антоній («Макбет», «Антоній і Клеапатра» У.Шэкспіра), Арбенін («Маскарад» М.Лермантава), Барон, Каламійцаў («На дне», «Апошнія» М.Горкага), Людовік («Мальер» М.Булгакава), Жэнька Шарамет, Максім Самадзельны («Домік на ўскраіне», «Далёкая дарога» А.Арбузава) і інш. Творчасць Я. вызначаецца драматызмам, прыроднай здольнасцю да сцэнічнага пераўвасаблення, моцным тэмпераментам, эмацыянальнай вобразнасцю і псіхалагічнай глыбінёй вобразаў, яркасцю характарыстык персанажаў. Лаўрэат Маскоўскага міжнароднага тэатральна-тэлевізійнага фестывалю «Акцёр канца ХХ стагоддзя» (2000). Прэмія імя І.Буйніцкага (1992).

Паведаміць пра недакладнасьць