Клімовіч Рыгор (03.10.1924, в. Шляхецкая Ваколіца, сёньня в. Цярэшкавічы Гомельскае вобласьці; у наш час жыве ў Гомелі), адзін зь лідэраў руху супраціву ў ГУЛАГу, кіраўнік Нарыльскага паўстаньня 1953 году, аўтар гімну паўстанцаў «Не страшны нам тиранства большевизма».

К. паходзіць з аднадворнае шляхты, якая ў сярэдзіне 17 стагодзьдзя была расьселеная ў ваколіцах Гомеля. У сярэдзіне 1930-х гадоў бацька К. быў «раскулачаны». Паводле ўспамінаў К., да беларускае ідэі ён спрычыніўся яшчэ ў дзяцінстве, калі чытаў беларускія кніжкі 1920-х гадоў, якія шчэ не прайшлі цэнзуры часу сталінскіх рэпрэсіяў.

Перад пачаткам нямецкай акупацыі К. паступае ў гомельскі тэхнікум. У канцы 1942 пераходзіць лінію фронту, і на працягу шасьцёх месяцаў дабіраецца да Саратава, дзе пад час эвакуацыі разьмяшчаўся тэхнікум. На пачатку 1943 накіроўваецца разам зь сябрам у Маскву, дзе К. арыштоўвае НКВД па абвінавачваньні ў «шпіёнстве». Па сьведчаньні Рыгора Клімовіча, яму імкнуліся інкрымінаваць забойства кіраўніка аднаго з партызанскіх аддзелаў, які ў 1942 годзе базаваўся паблізу Гомеля.

З 1943 па 1947 гады К. знаходзіцца ў Сьвярдлоўскім УВПЛІК. У гэты пэрыяд К. піша некалькі дзясяткаў вершаў, скіраваных на выкрыцьцё сталінскага рэжыму. У якасьці пакараньня К. скіроўваюць у Горлаг, што пад Нарыльскам - лягер асабліва строгага рэжыму ўтрыманьня.

У 1950 Клімовіча паўторна асуджаюць тэрмінам на 10 гадоў - паводле абвінавачваньня ў антысавецкай дзейнасьці. З 1950 па 1953 К. утрымліваецца ў Нарыльскай турме. У 1953 годзе яго ізноў вяртаюць у Горлаг, дзе неўзабаве К. узначальвае паўстаньне палітвязьняў, якое распачалося 25 траўня 1953 і трывала на працягу сарака дзён. Паўстаньне было задушанае войскамі МГБ, якімі кіраваў асабісты рэфэрэнт Берыі генэрал Кузьняцоў, пасьля чаго Горлаг быў расфармаваны.

З канца 1953 па 1956 К. утрымліваецца ў турмах Уладзіміра й Іркуцку, а таксама ў Азёрлагу. За гэты пэрыяд яго яшчэ раз судзяць за антысавецкую дзейнасьць, якая выявілася ў адмове працаваць, але амністыйнай пастановай Вярхоўнага Савету СССР Клімовіч быў вызвалены са зьняволеньня.

На волі К. адразу ж заняўся працай па згуртаваньні вызваленых паплечнікаў па барацьбе ў ГУЛАГу. Ужо на пачатку 1957 было створанае ядро арганізацыі, якая плянавала падрыхтоўку паўстаньня супраць савецкага рэжыму. Але КГБ удалося выйсьці на сьлед арганізацыі. Быў праведзены шэраг арыштаў, у тым ліку быў затрыманы Клімовіч. Адзін з удзельнікаў арганізацыі, украінец Дужынскі, усю адказнасьць узяў на сябе. Таму праз тры месяцы па арышце за адсутнасьцю дастатковых доказаў К. быў выпушчаны на волю.

Імя К. шырока вядомае сярод вэтэранаў антысталінскага руху ў ГУЛАГу. Пасьлядоўны праціўнік сыстэмы бальшавізму, К. найбольш ярка праявіў сваю прынцыповасьць і талент арганізатара ў траўні-чэрвені 1953 году, калі ўзначаліў паўстаньне палітвязьняў Горлагу.

Супраціў у ГУЛАГу існаваў увесь час існаваньня гэтае сыстэмы, і ў першую чаргу быў скіраваны на абарону зьняволенымі ўласных чалавечых правоў. «Супраць імкненьня «вертухаяў» ператварыць зьняволеных у рабоў, падуладных лёсу і волі начальнікаў», - адзначае ў сваіх успамінах К.

У траўні 1953 супрацьстаяньне паміж вязьнямі Горлагу і адміністрацыяй спазнала беспрэцэдэнтны для гісторыі ГУЛАГу маштаб і напятасьць. У той час, як пасьля сьмерці Сталіна 2 сакавіка 1953 па ўсёй тэрыторыі СССР пачаліся масавыя амністыі, у Горлагу ня толькі ўзмацніўся рэжым утрыманьня, але ахова атрымала дазвол расстрэльваць зьняволеных бяз суду й сьледзтва на ўласнае меркаваньне. За першыя вясновыя месяцы 1953 такім чынам былі забітыя 13 чалавек. Мяжа цярплівасьці палітвязьняў скончылася 25 траўня, калі былі забітыя яшчэ 4 чалавекі. Над лягерам быў узьняты чорны сьцяг з чырвонай паскай - спалучэньне колераў, якое сымбалізавала свабоду.

Паўстанцы патрабавалі прыезду з Масквы камісіі ЦК КПСС, а таксама рэабілітацыі для ахвяраў вайны, іншадумцаў і вязьняў, якія да 1939 не зьяўляліся грамадзянамі СССР. 7 чэрвеня з Масквы прыбыла камісія. Але яна складалася з вышэйшага кіраўніцтва МВД і МГБ на чале з генэралам Кузьняцовым. Асноўнай задачай камісіі зьяўлялася падрыхтоўка задушэньня паўстаньня. Пасьля працяглых перамоваў з кіраўнікамі паўстанцкіх камітэтаў 1 ліпеня 1953 генэрал Кузьняцоў даў каманду войскам увайсьці на тэрыторыю Горлагу і адкрыць агонь на зьнішчэньне з усіх відаў аўтаматычнае зброі. 3 ліпеня паўстаньне было задушанае.

Унікальнасьць Нарыльскага паўстаньня заключаецца ў мірным характары супраціву зьняволеных. «Мы адчулі ня страх, а пякучую нянавісьць да катаў, - узгадвае Рыгор Клімовіч. - Мы ня кінуліся ўцякаць ад небясьпекі, а рашуча ставалі на месцы забітых». Усяго пад час нарыльскай карнай апэрацыі была забіта больш як тысяча бяззбройных людзей. Маскоўская адміністрацыя ГУЛАГу прыняла рашэньне аб расфармаваньні Горлагу. Вязьні ўспрынялі гэтую інфармацыю як уласную перамогу, паколькі Горлаг выконваў функцыю свайго роду лягера сьмерці, адкуль мала хто вяртаўся жывым. Пасьля Нарыльскага паўстаньня вязьняў разьвезьлі па іншых лягерох зь мягчэйшым рэжымам утрыманьня, што дазволіла ўратаваць шматлікія людзкія жыцьці.

Упершыню інфармацыя аб Нарыльскім паўстаньні адкрыта прагучала ў 1991 годзе ў Кіеве на сусьветнай Канфэрэнцыі ўкраінскіх палітзьняволеных. Тады ж упершыню быў публічна названы аўтар гімну паўстанцаў «Не страшны нам тиранства большевизма» - Рыгор Клімовіч. «Калі пасьля задушэньня паўстаньня нас везьлі на баржы ўверх па Енісеі, мы былі перакананыя, што нас вязуць на зьнішчэньне. Таму кіраўнікі нацыянальных грамадаў зьняволеных на агульным сходзе прынялі рашэньне стварыць гімн паўстанцаў, каб аб паўстаньні засталася памяць. Вершы даручылі скласьці мне, беларусу, на матыў украінскае песьні (я выбраў адну зь песьняў Украінскай Паўстанцкай Арміі) на расейскай мове, як зразумелай усім зьняволеным», - узгадвае К. Сёньня гімн перакладзены на польскую, нямецкую, летувіскую ды ўкраінскую мовы.

З 1957 па канец 80, калі К. выйшаў на пэнсію, ён знаходзіўся пад наглядам КГБ. Гэты пэрыяд свайго жыцьця К. характарызуе як «пасыўнае дысыдэнцтва» - ён вёў актыўную, наколькі гэта было магчыма ў сытуацыі паднагляднасьці, дзейнасьць па падтрыманьні сувязяў паміж вэтэранамі ГУЛАГу, атаксама параспаўсюджваньні праўдзівае інфармацыі аб рэпрэсіях савецкага рэжыму. У 1986 годзе К. падрыхтаваў рукапіс успамінаў пад назовам «Канец Горлагу».

Сёньня Рыгор Клімовіч зьяўляецца ганаровым прэзыдэнтам некалькіх фондаў і арганізацыяў, якія займаюцца апякунствам ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, каардынуе вэтэранаў ГУЛАГу ў Беларусі, працуе дзеля матар'яльнае і маральнае дапамогі ім. К. - ганаровы сябра Нарыльскага, Іркуцкага, Пермскага і Чэлябінскага таварыстваў «Мемориал», а таксама дзейны сябра маскоўскага гісторыка-культурнага таварыства «Возвращение».

З пачатку 90-х гадоў К. актывізаваў сваю грамадзкую дзейнасьць. Ён стаўся пастаянным удзельнікам разнастайных форумаў, прысьвечаных ахвярам савецкага рэжыму, ладзіць публічныя выступы (на мітынгах, перад школьнікамі і г.д.), выступае ў разнастайных сродках масавае інфармацыі. У 1993 годзе маскоўская студыя «Лад» зьняла пра Клімовіча дакумэнтальны фільм.

Зь сярэдзіны 90-х гадоў Рыгор Клімовіч як публіцыст актыўна ўздымае праблематыку незапатрабаванасьці інфармацыі аб удзеле беларусаў у антысталінскім супраціве. У сваёй публікацыі «Паўстаньне духу» К. як прыклад прыводзіць Нарыльскае паўстаньне, у якім брало ўдзел больш за пяць тысячаў беларусаў, чацьвёра зь якіх узначалілі паўстанцкія камітэты: «Прыкра, што ў Беларусі дагэтуль ня ведаюць пра паўстаньне, у якім беларусаў загінула больш, чым зьняволеных іншых нацыянальнасьцяў».

Кр.: 1. ANH F-4/2:28.

Бібл.: 2. Клімовіч Р. Паўстанне духу // «ЛіМ». 02.06.1995; 3. Рыгор Клімовіч: «Я бачу новых змагароў» // Наша Ніва. № 13, 06.07.1998.

Севярын Квяткоўскі

Паведаміць пра недакладнасьць