Панько Іван (1897?, Баранавічы - ?), лідэр беларускіх пяцідзясятнікаў; адстойваў правы вернікаў. Нарадзіўся ў сям'і мешчаніна. У сярэдзіне 1920 прымае хрышчэньне і становіцца сябрам пратэстанцкае пяцідзясятніцкае суполкі. У 1937 абіраецца прэсьвітэрам баранавіцкае суполкі вернікаў. У 1938 браў удзел у сходзе пяцідзясятнікаў Заходняе Беларусі. З прыходам нямецкіх войскаў атрымоўвае афіцыйны дазвол на рэлігійную дзейнасьць. У 1942 І.П. склікае сход пяцідзясятнікаў Баранавіцкае акругі, на якім прымаецца пастанова пра пашырэньне сувязяў зь іншымі суполкамі. У тым жа 1942 І.П. становіцца старшым прэсьвітэрам, лідэрам усяе пяцідзясятніцкае паствы. Дзякуючы дзейнасьці І.П. удаецца пашырыць кола вернікаў. У Баранавічах засноўваюцца яшчэ некалькі суполак. Наладжваюцца сталыя кантакты зь Берасьцем, Пінскам і Маладэчнам. Вернікі дапамагалі грашыма й вопраткай Беларускай Самапомачы й БКА.

Найбліжэйшымі памочнікамі П. сталіся сакратар духовае кансысторыі Сяргей Вашкевіч і дзякан Нічыпар Касьніковіч. Яны ўтрох узімку 1944-1945 стварылі т.зв. «Нелегальны Кіраўнічы Цэнтар» (НКЦ) пяцідзясятніцкага руху, які актывізаваў рэлігійную працу пасьля прыходу савецкіх войскаў. Кіраўніком НКЦ быў абраны І.П. Сваёй мэтай Цэнтар ставіў вызваленьне прэсьвітэрскага (сьвятарскага) актыву ад мабілізацыі ў войска на падставе царкоўных догматаў. Гэта было магчыма дзякуючы новай рэлігійнай палітыцы (з 1942) маскоўскага ўраду.

І.П. меў адмысловую «царкоўную» пячатку, хоць афіцыйнага дазволу на сваю дзейнасьць НКЦ і нават суполкі, ня меў. І.П. выдаваў пастырскія пасьведчаньні. Паводле загаду кіраўніка НКЦ, Н.Касьніковіч разам з Асялоўскім на пачатку 1945, забясьпечаныя пастырскімі пасьведчаньнямі, выяжджаюць у Берасьце, дзе шляхам «арганізацыйных мерапраемстваў» і «введения в заблуждение служащих военкоматов» [3, 102] вызваляюць ад службы ў войску звыш дзесяцёх прэсьвітэраў. З паказаньняў Кульбіцкага ў 1945 І.П. разам з С.Вашкевічам у в. Красоўшчына Радашкавіцкага р-ну зьбіраюць сход прэсьвітэрскага актыву, на якім былі абмеркаваныя пляны далейшых сумесных дзеяньняў і праведзены збор грошай (каля дзесяцёх тысячаў рублёў) дзеля падтрымкі НКЦ. На працягу 1946-1947 дзякуючы дзейнасьці НКЦ мабілізацыі ў шэрагі савецкае арміі пазьбегла каля сотні чалавек.

Пра існаваньне Цэнтру органы МГБ даведаліся яшчэ ў 1945, калі прэсьвітэр Васюціч, ужо змабілізаваны, атрымаў ад І.П. неабходныя дакумэнты і паведамленьне, што ягоны прызыў незаконны. Васюціч, «полагаясь на авторитет Панько» [103, 97], уцёк пад час перамяшчэньня на фронт, але быў злоўлены.

Цяжка сказаць, чаму ўлады не арыштавалі кіраўніцтва Цэнтру. Яно, відаць, было добра закансьпіраванае. У 1948, паводле загаду І.П., НКЦ спыняе сваю вонкавую дзейнасьць. Гэта было зьвязана з чарговай хваляй рэпрэсіяў і больш зацятай палітыкаю ўраду да сьвятарства.

А ў 1949 органы выйшлі ўжо й на лідэраў НКЦ. Увесну былі арыштаваныя прэсьвітэры: Паляновіч - кіраўнік вернікаў Лагішынскага р-ну, Тур - Любчанскага р-ну, і Кульбіцкі - Радашкавіцкага р-ну. У лістападзе ў рукі МГБ трапіў Вашкевіч, а на пачатку сьнежня - сам І.П. Пры арышце ў яго быў знойдзены набор самаробных пячатак і штампаў, замежная валюта. У сакавіку 1950, пасьля канчатковага выкрыцьця сяброў НКЦ, адбыўся суд. Галоўным падсудным на ім быў лідэр беларускіх пяцідзясятнікаў І.П. Яму інкрымінавалі супрацоўніцтва з акупацыйнымі ўладамі, вайсковы сабатаж і распаўсюджаньне «религиозного опиума» сярод шырокіх колаў насельніцтва й, наперш, моладзі. Далейшы лёс невядомы.

Кр.: 1. Занальны Дзяржаўны Архіў у г. Баранавічы. Ф. 188, воп. 2, спр. 18; 2. НАРБ. Ф. 249, воп. 8, спр. 134.

Бібл.: 3. Документы обличают. Мн., 1964.

Дзяніс Лісейчыкаў

Паведаміць пра недакладнасьць