Церашкевіч Мікола (10.02.1926, в. Зыкава Мядзельскага р-ну Менскай вобл.; жыве ў Маладэчне), удзельнік Пастаўскай групы падпольнай моладзевай арганізацыі Саюз Беларускіх Патрыётаў (СБП).

Нарадзіўся ў сялянскай сям'і, у якой было пяцёра дзяцей. Пачынаў вучыцца яшчэ ў польскай школе, а перад самай вайной - у савецкай. У часы акупацыі вучыўся ў Пастаўскай настаўніцкай сэмінарыі, дзе навучэнцам закладваўся моцны беларускі патрыятычны сьветапогляд, асабліва праз Саюз Беларускай Моладзі (СБМ). І сам юнак прыхільна ставіўся да СБМ, аднак ня мог у яго ўступіць, баючыся помсты савецкіх партызанаў на бацькох, бо ў роднай вёсцы якраз знаходзіўся іх аддзел. Партызаны праз пэўны час даведаліся, што сын Церашкевічаў вучыццаў Паставах, і фактычна змусілі яго зьбіраць для іх разьведвальныя дадзеныя.

Пасьля вызваленьня Беларусі М.Церашкевіч спачатку займаўся на кароткачасовых настаўніцкіх курсах у Глыбокім, а затым паступіў у Пастаўскую пэдагагічную навучальню, у якой вучылася даволі шмат юнакоў і дзяўчат зь Мядзельшчыны. З самага пачатку навучаньня ў Паставах уключыўся ў патрыятычны рух навучэнцаў. А затым на прапанову свайго сябра Міколы Асіненкі ўступіў і ў сам у падпольную арганізацыю. Потым на судзе яго будуць абвінавачваць у кіраўніцтве вайсковымі справамі падпольля.

М.Церашковіч пасьпеў скончыць навучальню да выкрыцьця і разгрому Саюзу Беларускіх Патрыётаў. Арыштавалі яго ў лютым 1947 ужо ў Жуціне на Мядзельшчыне, дзе працаваў загадчыкам пачатковай школы. Забралі з клясы. Затым былі ператрусы па месцы кватараваньня і ў бацькоў, ноч у мядзельскай міліцыі, затым пад канвоем пешкі па сьнезе на чыгуначную станцыю ў Будславе. Допыты вяліся ў вялейскай турме. Не давалі спаць, мучылі холадам, зьмяшчаючы ў камэру зь дзюркамі ў сьцяне - у выніку Мікола адмарозіў пальцы ног. Адзін са сьледчых спрабаваў нават біць, але стушаваўся перад табурэткай, якую схапіў зьняволены. Такая рашучасьць прымусіла турэмшчыкаў не прымяняць да яго прамога «фізычнага ўзьдзеяньня».

Суд над сябрамі СБП адбыўся ў чэрвені 1947 у Менску ў будынку сёньняшняга Дому прафсаюзаў на пляцы Волі. Ваенны трыбунал Беларускай Вайсковай Акругі прысудзіў М.Церашкевіча да 10 гадоў зьняволеньня ў канцлягерох. Зь менскай турмы этап накіравалі ў Сібір на ленскія руднікі. Там адпрацаваў тры гады, быў разам зь іншым сябрам СБП Аляксандрам Амельляновічам. Затым палітычных пераправілі на Калыму. Там зноў шахты.

Палёгка ў становішчы палітзьняволеных наступіла пасьля сьмерці Сталіна, калі да ўлады прыйшоў М.Хрушчоў. А выйшаў з канцлягера М.Церашковіч у лютым 1954, тэрмін адбыў скарочаны «па заліках ударнай працай». Аднак вярнуцца на Бацькаўшчыну не дазвалялі, пакінулі на пасяленьні. Працаваў пераважна на будоўлях да пэнсіі, жаніўся там жа. Потым вярнуўся ў Беларусь, пасяліўся ў Маладэчне.

Кр.: 1. Успаміны Міколы Церашкевіча.

Літ.: 2. Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў. Мн., 1997. С. 266, 340.

Міхась Чарняўскі

Паведаміць пра недакладнасьць