«Касмапаліты» БДУ. Я паступіў на аддзяленьне журналістыкі філфаку БДУ імя Леніна ў 1950, калі т.зв. унівэрсытэцкія касмапаліты былі ўжо амаль разгромленыя: дабівалі, выкарчоўвалі астатніх. У прыватнасьці, не выкладаў ужо ўва ўнівэрсытэце адзін з самых ярых, як пісала пра яго тагачасная прэса, самых зацятых касмапалітаў - выкладчык старажытнарускай літаратуры, літаратуразнаўца і фальклярыст Леў Рыгоравіч Бараг. Што гэта быў за чалавек і навукоўца, я ведаю ад сваіх сяброў - пісьменьніка Алеся Адамовіча, паэта Навума Кісьліка (абодва, на жаль, ужо нябожчыкі) і прафэсара Мікалая Ігнатавіча Крукоўскага. Яны скончылі БДУ ў тым жа 1950, калі я паступіў, - Барага выкінулі пры іх, у 1949, у самы шалёны пэрыяд барацьбы з касмапалітызмам, выкінулі за «нізкапаклонства перад Захадам, перад буржуазнай навукай, за варожае, антыпатрыятычнае стаўленьне да ўсяго айчыннага». Між тым, дацэнт Бараг быў літаральна фанатыкам старажытнарускай літаратуры, ведаў на памяць усе старажытныя тэксты, пачынаючы ад «Слова пра паход Ігаравы» і заканчваючы летапісамі, да дробязяў ведаў гісторыю старажытнай Русі, можа, лепш, чымся ўласную біяграфію. Але ён быў, па-першае, сапраўдны навуковец і не прызнаваў аніякіх кан'юнктурных момантаў у выкладаньні сваёй дысцыпліны, не прызнаваў «ідэйных карэкціровак» гістарычных фактаў. Па-другое, ён быў габрэем. А слова «касмапаліт» было эўфэмізмам, крывадушнай заменай слова «габрэй», і барацьба з касмапалітызмам была ня чым іншым, як усесаюзным габрэйскім пагромам. Аднак - і гэта важна падкрэсьліць - касмапалітамі называлі і самых што ня ёсьць беларусаў ці расейцаў, калі яны таксама былі сапраўднымі навукоўцамі, сумленнымі, порядочными, па-расейску кажучы, людзьмі і супрацьстаялі цемрашальству «ідэйна-прыпадачных» адэптаў «адзіна правільнага марксісцка-ленінскага вучэньня». Разьлі ктут быў настолькі ж просты, наколькі цынічны: назаві чалавека касмапалітам, і абывацель адразу здагадаецца, што гэты чалавек ніякі не беларус ці расеец, бо ўсяму сьвету вядома, хто такія касмапаліты! (Пазьней, у 70-я - пачатку 80-х падобны прыёмчык ужываўся ў дачыненьні да тых савецкіх дысыдэнтаў, якія, якой бы нацыянальнасьці ні былі, падавалі заяву на эміграцыю з СССР: эміграваць ім дазвалялі толькі ў Ізраіль.)

Такіх «касмапалітаў» у БДУ, калі я паступіў на ягоны філфак, заставалася некалькі чалавек, і першымі сярод іх хочацца назваць Васіля Рыгоравіча Саўсуна і Людмілу Ўладзіміраўну Круцікаву.

Васіль Саўсун быў у 1920-1930-я прафэсарам Маскоўскага ўнівэрсытэту, слынным навукоўцам, меў сваю катадру. Яго рэпрэсавалі за прыналежнасьць да літаратурна-навуковай групоўкі «Перевал», якая была абвешчаная антысавецкай, і амаль дзесяць год сядзеў у сталінскіх лягерох. У Маскве і іншых буйных гарадох Расеі жыць яму не дазвалялі, паслалі ў Менск, у БДУ простым выкладчыкам - усіх сваіх навуковых званьняў ён быў пазбаўлены. Выкладаў ён расейскую літаратуру 19 стагодзьдзя і спэцыялістам па ёй быў выдатным. Расейскі інтэлігент старога, яшчэ дарэвалюцыйнага складу, прыхільнік дэмакратычнага накірунку расейскай клясычнай літаратуры, у прыватнасьці, вялікі знаўца творчасьці Герцэна, Саўсун так і ня здолеў, нават пасьля лягернай «школы», зрабіцца ідэйным савецкім навукоўцам, выкладаць свой прадмет з марксісцка-ленінскіх пазыцыяў. Ніколі ў сваіх лекцыях ён не ўжываў савецкай ідэйнай тарабаршчыны, нічога не казаў пра ролю вялікага Сталіна ў літаратуразнаўстве і наогул ува ўсёй навуцы. Мала таго, ён фізычна пакутаваў, калі чуў гэтую тарабаршчыну.

Такі прыклад: на маім курсе была студэнтка Нэля, пазьней - вядомая тэлежурналістка «цэнтральнага тэлебачаньня», ягоны карэспандэнт у адной з краінаў Балтыі, прозьвішча яе не хачу называць, бо цяпер яна ў многім зусім іншы чалавек. Дык вось, гэтая Нэля, калі кепска ведала матэрыял, на сэмінарах і на экзаменах ратавалася якраз ідэйнай траскатнёй, якая ніякага дачыненьня да экзаменацыйнага пытаньня ня мела: выцягне білет, скажам, па кнізе Герцэна «Былое і думы», а кнігу гэтую і ў рукі ня брала. І пачынае: «Таварыш Сталін і камуністычная партыя вучаць, што творчасьць Герцэна мае вялікае значэньне... Зразумець яе можна толькі ў сьвятле марксісцка-ленінскай навукі». І гэтак далей. Абы ад твора, які не чытала. Саўсун сядзіць, моршчыцца, заплюшчвае вочы, бярэцца рукамі за сківіцы, так, нібы ў яго баляць зубы, а потым, калі Нэля адтарабаніць, з асалодай кажа: «Ставлю вам двойку, милая барышня! Пятёрку вам поставят, когда вы будете сдавать марксизм-ленинизм. А я вам читал совсем другой предмет. И вы его не знаете!»

Ён быў бяльмом на воку ў кіраўніцтва катадры расейскай літаратуры і, асабліва, партыйнай арганізацыі БДУ. «Неразоружившийся враг!» - як тлумачыў студэнтам прафэсар Іван Гутараў, завадатар усёй антыкасмапаліцкай кампаніі ўва ўнівэрсытэце (Гутараў, трэба адзначыць, быў чалавек неардынарны, нават таленавіты, меў бліскучую памяць, быў фэнамэнальна начытаны і разам з тым, як гэта ні дзіўна, ён быў невук, вульгалізатар, усе ягоныя веды былі павярхоўныя, «з наскоку», і лекцыі ягоныя (ён чытаў курс «Уводзіны ў літаратуразнаўства») былі эклектычнай мешанінай гэтых ведаў). На што Саўсун, і таксама «неразоружившийся враг» Людміла Круцікава неаднарозова і публічна яму ўказвалі (Круцікава, прыгажуня, якіх мала, іранічная, дзёрзкая, абсалютна бясстрашная, чытала курс расейскай савецкай літаратуры, і чытала бліскуча, і мова ў яе была бліскучая, не засьмечаная савецкім «новаязам», як і мова Саўсуна, хоць Людміла Ўладзіміраўна была зусім яшчэ маладой жанчынай).

Сёньня, з адлегласьці амаль паловы стагодзьдзя, бачыш і разумееш тое, што нам, тагачасным студэнтам, у большасьці сваёй вясковым хлопцам, хлопцам з «пралетарскіх гарадзкіх ускраінаў», было не зразумела: Гутараў і іншыя «партыйныя навукоўцы» цкавалі Саўсуна і Круцікаву, Давіда Фактаровіча і Леаніда Рэзьнікава (мужа Круцікавай), Марыю Андрэеўну Карнееву-Пятрулан, дацэнта Касоўскага не за «касмапалітызм» - касмапалітызм быў шырмай, а за іх інтэлігентнасьць, порядочность, за няздольнасьць да халуйства, да беспрынцыповасьці, да цынічнай дэмагогіі. А галоўнае, за іх кампэтэнтнасьць, дасьведчанасьць, за вернасьць навуцы. Студэнцкая маса бяздумна пляскала ў далоні Гутараву. Але былі і такія, якія і тады разумелі, што адбываецца, разумелі, каго губляе БДУ ў асобе такіх людзей, як Саўсун і Круцікава. Яшчэ ў 1949-м, калі выганялі Барага, група студэнтаў на чале з Кімам Хадзеевым і Разітай Калпакчы паднесьлі яму на вачах Гутарава і ягонай хэўры кветкі, абдымалі яго са сьлязьмі на вачох. І Хадзеева, і Разіту выключылі з камсамолу, трымалі, што называецца, у чорным целе, але тыя і ад Саўсуна з Круцікавай не адвярнуліся і казалі ўсім, што гэта выдатныя навукоўцы і сумленныя людзі. (Пра Кіма Хадзеева наогул хадзілі легенды, як пра хлопца, які не баіцца самога КГБ, як пра адважнага дысыдэнта, хоць тады яшчэ не было такога слоўца ў агульным ужытку. Ад сябе скажу, што ў тым, што зьвязанае з Хадзеевым, шмат цьмянага, дзіўнага, але магу пацьвердзіць, што ён гаварыў пра партыйнае цемрашальства адкрытым тэкстам.)

Недзе ў 1952 Саўсуна і Круцікавай у БДУ ня стала. Далейшы лёс Саўсуна мне невядомы, а Людміла Ўладзіміраўна потым жыла і працавала ў Ленінградзе, у ЛДУ, стала доктарам навук. Зь Леанідам Рэзьнікавым яна разышлася і вышла замуж за вядомага расейскага пісьменьніка Фёдара Абрамава. Ня ведаю, ці жывая яна, ці жывы Давід Фактаровіч, які перабраўся напрыканцы 50-х у Маскву, і Леў Бараг - ён доўгі час пасьля выгнаньня з БДУ выкладаў старажытнарускую літаратуру ў адной з духоўных праваслаўных сэмінарыяў недзе на поўначы Расеі, а потым працаваў у Башкірскім унівэрсытэце, дзе абараніў доктарскую дысэртацыю. Дацэнт Касоўскі, мовазнаўца, гутараўская ахвяра яшчэ адной барацьбы - барацьбы з т.зв. марыстамі, якая праходзіла «ў сьвятле працы вялікага Сталіна «Марксізм і пытаньні мовазнаўства» наколькі мне вядома, даўно памёр.

Я не гісторык, а цалкам літаратар, і ў сваёй кнізе ўспамінаў, якую пішу, спрабую стварыць чыста чалавечыя, псыхалягічныя партрэты згаданых у гэтай маёй нататцы людзей, прывесьці мастацкія замалёўкі эпізодаў барацьбы з касмапалітызмам у БДУ, сьведкам якіх быў. Але, думаю, гэта тэма для грунтоўнага гістарычнага дасьледаваньня, - спадзяюся, што хто-небудзь з маладых гісторыкаў, прачытаўшы гэты мой пункцірны накід, ёю зацікавіцца.

Валянцін Тарас, сябра Беларускага Пэн-Цэнтру

Паведаміць пра недакладнасьць