Саюз Беларускіх Патрыётаў (Глыбокае) / СБП (Глыбокае), падпольная патрыятычная моладзевая арганізацыя. Утвораная ўвосень 1945 навучэнцамі Глыбоцкай пэдагагічнай навучальні з удзелам вучняў сярэдніх школаў Глыбокага.

Большасьць будучых сябраў СБП у гады другой сусьветнай вайны ўваходзіла ў шэрагі Саюзу Беларускай Моладзі, што зрабіла значны ўплыў на іх нацыянальную сьвядомасьць. Вызваленьне тэрыторыі Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў пацягнула за сабой зьмены ў адукацыйным працэсе. На месцы Глыбоцкай прагімназіі была ўтвораная пэдагагічная навучальня. Былыя навучэнцы прагімназіі працягнулі навучаньне ў гэтай навучальні, дзе сутыкнуліся з татальнай русіфікацыяй вучэбнага працэсу.

Увосень 1945 у студэнтаў пэднавучальні Васіля Мядзельца, Антона Фурса і вучня Глыбоцкай СШ № 1 Алеся Юршэвіча зьяўляецца ідэя пра неабходнасьць супрацьстаяньня русіфікацыі. Яны «прыходзяць да рашэньня гуртаваць аднадумцаў і разам трымацца беларускай справы, пашыраць свой уплыў сярод астатніх» [1, 24]. Пад канец 1945 сфармавалася ядро арганізацыі СБП, старшынём быў абраны Васіль Мядзелец, сакратаром - Антон Фурс. Паводле словаў апошняга, СБП ня была палітычнай арганізацыяй. Яе мэта была ў пашырэньні нацыянальнай сьвядомасьці сярод людзей, зь якімі павінны былі жыць і працаваць сябры арганізацыі, у прыватнасьці, са школьнікамі. Статут СБП ня быў канчаткова распрацаваны. Асноўныя палажэньні праграмы былі наступнымі:
- сапраўдная, а не дэклярацыйная дзяржаўнасьць, самастойнасьць Беларусі, дзяржаўнасьць беларускай мовы, бел-чырвона-белы сьцяг, герб «Пагоня»;
- «патрабаваньне сувэрэнітэту, свабоднага разьвіцьця беларускага народу мы ставілі за ўмову выжываньня народу як этнасу. Тут мы былі адназначна бескампрамісныя. Дапускалі такі варыянт: выхад Беларусі з СССР» [1, 37].

У СБП не было выразна акрэсьленай структуры: існавалі толькі пасады старшыні, сакратара. Арганізацыя падзялялася на групы зь пяцёх чалавек - «пяцёркі», у якіх кожны ўдзельнік ведаў чатырох астатніх і старшыню. У «пяцёрках» вялася ўся праца. Не прадугледжвалася ні сходаў, ні канфэрэнцыяў, рабіліся пэўныя захады па кансьпірацыі. Новыя сябры прымаліся ў СБП паводле рэкамэндацыі. Кожны кандыдат складаў прысягу, якая насіла характар слова гонару, маральнага абавязку (тэкст прысягі напісаў Алесь Юршэвіч):

«Я (імя, прозьвішча), уступаючы ў Саюз Беларускіх Патрыётаў, прысягаю перад Бацькаўшчынай і беларускім народам, што заўсёды буду верны ідэалам свабоды і незалежнасьці Беларусі. Калі ж па слабасьці сваёй, або па злому намеру я парушу гэтую прысягу і выдам тайну сяброў, хай пакарае мяне Бог ганебнай сьмерцю здрадніка Радзімы» [1, 36].

Чалавек, прыняўшы прысягу, заносіўся ў агульны сьпіс сябраў СБП, які згарэў пад час пажару разам з архівам СБП. 25.03.1946 адбылася ўрачыстая прысяга сяброў СБП, прымеркаваная да 28-х угодкаў БНР. Прысяга адбывалася на кватэры Лідзіі Несьцяровіч. У ёй бралі ўдзел Лідзія Несьцяровіч, Васіль Мядзелец, Антон Фурс, Марыя Бабіч, Людміла Краснадубская, сёстры Алена і Ларыса Барсук. Прысягу чыталі перад бел-чырвона-белым сьцягам і выявай «Пагоні», якая была перасланая сябрамі Пастаўскай групы «За Беларусь». Для Глыбоцкай арганізацыі СБП характэрны адносна працяглы арганізацыйны пэрыяд. Удзельнікі сустракаліся між сабой, «абмяркоўвалі падзеі ў навучальні, у горадзе, у рэспубліцы, у сьвеце, гаварылі пра сваё. Гутарылі са знаёмымі навучэнцамі, рыхтавалі таго ці іншага да ўступленьня ў наш Саюз. Прымалі новенькіх. Сэнс нашага згуртаваньня мы бачылі ў паяднаньні адной прысягай, у заўсёдным адчуваньні свайго абавязку думаць пра Беларусь, дзейнічаць на карысьць Беларусі, беларускай справы» [1, 39].

Частка студэнтаў Глыбоцкай пэднавучальні паводле розных прычынаў была вымушаная перавесьціся ў Пастаўскую пэднавучальню. Сярод іх быў Валянцін Лагунёнак, які ўжо быў падрыхтаваны да ўступленьня ў Глыбоцкі СБП. Узімку 1946 ён наведаў былых калегаў у Глыбокім і паведаміў, што ў Паставах фактычна стварылася моладзевая патрыятычная суполка («За Беларусь»). Увесну 1946 на сустрэчы ў Глыбокім сяброў мясцовага СБП з прадстаўнікамі Пастаўскай арганізацыі «За Беларусь» Міколам Асіненкам і Валянцінам Лагунёнкам было дамоўлена пра аб'яднаньне абедзьвюх арганізацый. Быў прыняты супольны назоў Саюз Беларускіх Патрыётаў (Глыбокае-Паставы).

Сьпіс сяброў Глыбоцкай групы СБП: Васіль Мядзелец (кіраўнік), Антон Фурс (сакратар), Аляксандар Юршэвіч, Леў Бялевіч, Цярэнці Еўдакімаў, Марыя Бабіч, Іван Бабіч (няма ў жывых), Людміла Краснадубская, Алена Барсук (няма ў жывых), Ларыса Барсук, Тамара Лагун (Барсук), Алег Табола, Гардзей Кліманскі, Віктар Дылевіч, Альбэрт Бацяноўскі, Мікалай Пачопка (няма ў жывых), Пётра Сьпірковіч (няма ў жывых), Мікола Конан, Лявон Казак, Віктар Бабіч (няма ў жывых), Леанід Баговіч, Лідзія Несьцяровіч, Станіслаў Савік, Юстын Протас (няма ў жывых), Міхал Шуман (няма ў жывых), Павал Шуман (няма ў жывых).

Бібл.: 1. Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў. Мн., 1997.

Алег Гардзіенка

Паведаміць пра недакладнасьць