Касцянец пасценны (Asplenium ruta-muraria L., 1753)
Парадак Мнаганожкі (Polypodiales), сямейства Касцянцовыя (Aspleniaceae)

Статус. I катэгорыя. Выключна рэдкі від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення.
Значэнне ў захаванні генафонду. Барэальна-галарктычны, пераважна амфіатлантычны петрафільны від папарацей, які знаходзіцца ў Беларусі ў ізаляваным лакалітэце за ўсходняй мяжой суцэльнага арэала [1].
Кароткае апісанне. Шматгадовая дробная папараць вышынёй 3-25 см з чорна-бурым кароткім карэнішчам і трохвугольна-яйкападобнымі, амаль скурыстымі, двойчы-тройчы перыстараздзельнымі зімуючымі ліставымі пласцінкамі. Сегменты пласцінкі першага і другога парадкаў чаргаваныя, радзей супраціўныя, на маленькіх чаранках; сегменты апошняга парадку рамбічна-адваротна-авальныя, буйныя. Чаранкі зялёныя, толькі каля асновы карычневыя. На ніжнім баку ліставой пласцінкі размешчаны прадаўгаватыя сорусы, пакрытыя пакрывалам [2, 3].
Асаблівасці біялогіі. Спараносіць у ліпені-жніўні. Размнажэнне вегетатыўнае і споравае.
Пашырэнне. Адносіцца да галарктычнага элемента флоры і мае цыркумпалярнае пашырэнне: амаль уся Эўразія [1-3] і Паўночная Амерыка. Аднак у межах такога вялізнага арэала трапляецца спарадычна і ў невялікай колькасці. У Беларусі вядомы толькі ў Вердаміцкім парку ў Свіслацкім раёне [4]. Раней адзначаўся ў наваколлі Горадні [5].
Месцы росту. Расце на мураваных агароджах, сценах будынкаў і збудаванняў. Як тыповы кальцэфіл рассяляецца па субстратах, якія ўтрымліваюць вапну і мел.
Характар росту. Трапляюцца адзінкавыя экземпляры і невялікія групы на абмежаваных плошчах.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Абмежаванае пашырэнне і разбурэнне субстратаў з утрыманнем вапны і мелу.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Спецыяльныя меры аховы не прымаліся. Ахоўваецца на тэрыторыі помніка прыроды рэспубліканскага значэння - старажытнага Вердаміцкага парку.
Неабходныя меры аховы. Забарона рэканструкцыі і рэстаўрацыі адпаведнай часткі агароджы Вердаміцкага парку, кантроль за станам папуляцый, выяўленне новых месцаў росту і іх ахова, культываванне і штучнае рассяленне віду ў прыродныя ўмовы.

Літ.: 1. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 2. Флора Европейской части СССР, т. 1, 1974; 3. Флора северо-востока Европейской части СССР, т. 1, 1974; 4. Маньяков, 1983; 5. Севергин, 1803.

Г.Зубкевіч

Паведаміць пра недакладнасьць