Піхта белая (Abies alba Mill., 1768)
Парадак Хвоі (Pinales), сямейства Хваёвыя (Pinaceae)

Статус. I катэгорыя. Надзвычай рэдкі від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення.
Значэнне ў захаванні генафонду. Сярэднеэўрапейскі барэальны рэліктавы від, які знаходзіцца ў Беларусі ў астраўных месцах росту за паўночна-ўсходняй мяжой арэала [1, 2]. Тэхнічная, лекавая і дэкаратыўная расліна.
Кароткае апісанне. Буйное вечназялёнае аднадомнае дрэва вышынёй да 33 м і дыяметрам ствала да 77 см. Крона амаль цыліндрычная з кальчаковымі галінкамі. Кара светла-зялёная, гладкая. Ігліца даўжынёй 2-3 см, лінейная, плоская, размешчана грабеньчата ў 2 рады, бліскучая, цёмна-зялёная, зверху з жалабкамі, знізу злёгку кіляватая, з 2 светлымі палоскамі. Хвоя рэпрадукцыйных парасткаў амаль 4-гранная. Мікрастробілы і жаночыя шышкі - у верхняй частцы кроны; шышкі прамастойныя, даўжынёй 10-16 см, пры выспяванні рассыпаюцца на асобныя карычневыя лускавінкі. Покрыўныя лускавінкі даўжэйшыя за насенныя, адагнутыя ўніз, на канцы з загнутым уніз вастрыём. Пупышкі авальныя, не пакрытыя смалой.
Асаблівасці біялогіі. Шышкі выспяваюць у канцы жніўня - пачатку верасня. Размнажаецца буйным, з шырокім светлым крылом насеннем [3, 4].
Пашырэнне. Сярэдняя і Атлантычная Эўропа, Карпаты, Міжземнамор'e [4]. У Беларусі вядома адно ізаляванае астраўное месца росту ў Белавежскай пушчы (квартал 562, урочышча «Цісаўка» у Пружанскім раёне) [6].
Месцы росту. Ялова-грабавая дубрава.
Характар росту. Трапляецца невялікімі групамі (у сярэднім 35 дарослых дрэў на плошчы 15 га), у маладняку - спантанныя сеянцы (самасеў).
Асноўныя абмежавальныя фактары. Асушальная меліярацыя і гаспадарчая трансфармацыя зямель, празмерныя заагенныя нагрузкі (падлесак амаль цалкам знішчаецца дзікімі капытнымі жывёламі - паяданне, вытоптванне).
Культываванне. Вырошчваецца ў некаторых лясгасах, парках і лесагадавальніках краіны, а таксама ў ЦБС АН Беларусі [6]. У культуры вырошчваецца ў Столінскім лясгасе.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Белавежскай пушчы. Занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [7].
Неабходныя меры аховы. Кантроль за станам папуляцый, агароджванне месцаў росту ад пранікнення дзікіх капытных жывёл, аптымізацыя рэжыму ўвільгатнення ва ўрочышчы «Цісаўка», штучнае развядзенне ў гадавальніках і рассяленне ў іншыя месцы Белавежскай пушчы, больш шырокае ўвядзенне ў культуру.

Літ.: 1. Козловская, Парфенов, 1972; 2. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 3. Флора БССР, т. 1, 1949; 4. Флора Европейской части СССР, т. 1, 1974; 5. Николаева, Зефиров, 1971; 6. Древесные растения Центрального ботанического сада АН БССР, 1982; 7. Чырвоная кніга БССР, 1981.

В.Парфёнаў

Паведаміць пра недакладнасьць