Броўнік аднаклубневы (Herminium monorchis (L.) R. Br., 1813)
Парадак Ятрышнікакветныя (Orchidales), сямейства Ятрышнікавыя (Orchidaceae)
Статус. I катэгорыя. Вельмі рэдкі від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення.
Значэнне ў захаванні генафонду. Рэліктавы эўразійскі падтаежна-горны від у ізаляваных лакалітэтах і астраўных участках росту на заходняй мяжы ўсходнеэўрапейска-сібірскага фрагмента арэала [1].
Кароткае апісанне. Шматгадовая расліна з голым, амаль бязлістым сцяблом вышынёй 8-25 см і шарападобным клубнем. Лісце ланцэтнае ці прадаўгавата-ланцэтнае па 2-3 у ніжняй частцы сцябла. Кветкі дробныя, жаўтавата-зялёныя, з моцным мядовым пахам, сабраны ў падоўжанае, шматкветкавае коласападобнае суквецце. Лісцікі калякветніка ў выглядзе шлема. Губа з кароткім мяшэчкападобным шпорцам. Завязь сядзячая, скручаная. Плод - сухая каробачка з дробным насеннем [2-4].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў чэрвені-ліпені. Размнажаецца вегетатыўна і насеннем [5].
Пашырэнне. Агульны арэал складаецца з заходнеэўрапейскага, скандынаўскага і ўсходнеэўрапейска-сібірскага фрагментаў, якія працягнуліся дугападобнай палосай ад Дняпра да Далёкага Ўсходу. Асобныя эксклавы існуюць на поўдні Вялікабрытаніі, на Балканах, Каўказе, у Карпатах, на Тыбеце, Гімалаях, Цянь-Шані і на ўсходзе Кітая і Японіі [1]. У Беларусі трапляецца спарадычна; дакладна вядомы ў Верхнядзвінскім і Полацкім раёнах, а таксама ў Белавежскай пушчы [6] і Бярэзінскім запаведніку [7]. Раней адзначаўся ў Слуцкім раёне і ў Магілеўскай вобласці [8], а таксама ў Наваградскім раёне [9].
Месцы росту. Сырыя лугі, крынічныя балоты, лясныя паляны.
Характар росту. Расце адзінкавымі экземплярамі і невялікімі групамі на вельмі абмежаваных плошчах.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Асушэнне пераўвільготненых зямель з наступнай іх гаспадарчай трансфармацыяй (узорванне, земляныя і будаўнічыя работы), перавыпас жывёлы, акультурванне лугоў з прымяненнем угнаенняў і ядахімікатаў, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі (вытоптванне).
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Бярэзінскім запаведніку, Белавежскай пушчы і батанічным заказніку «Асвейскі».
Неабходныя меры аховы. Арганізацыя ва ўсіх выяўленых месцазнаходжаннях спецыялізаваных батанічных заказнікаў, рэвізія старых і пошук новых месцаў росту, кантроль за станам папуляцый.
Літ.: 1. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 2. Невский, 1935; 3. Невский, 1949; 4. Смольянинова, 1976; 5. Вахрамеева и др., 1991; 6. Николаева, Зефиров, 1971; 7. Березинский биосферный заповедник, 1983; 8. Пачоский, 1900; 9. Mowszowicz, 1958-1959.
І.Швец