Гваздзік картузіянскі (Dianthus carthusianorum L., 1753)
Парадак Гваздзікакветныя (Caryophyllales), сямейства Гваздзіковыя (Caryophyllaceae)

Статус. III катэгорыя. Вельмі рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных тэрыторыях.
Значэнне ў захаванні генафонду. Сярэднеэўрапейскі від, які знаходзіцца ў Беларусі ў асобных лакалітэтах на ўсходняй мяжы пашырэння. Дэкаратыўная расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з нешматлікімі прамастойнымі або прыўзнятымі голымі кветканоснымі парасткамі вышынёй 15-70 см і галінастым карэнішчам, ад якога адыходзяць вегетатыўныя парасткі. Лісце супраціўнае, лінейнае, каля асновы зрастаецца ў похву. Кветкі на кароткіх кветаножках, каля асновы з бурымі або чарнаватымі ланцэтнымі доўгавостраканцовымі лускавінкамі, сабраны па 3-8 у верхавінкавае галоўчатае суквецце. Чашачка пурпуровая, пяцізубчатая, да сярэдзіны абхвачана шырокаяйкападобнымі, шылападобна звужанымі лускавінкамі. Вяночак ружовы або пурпурова-чырвоны. Плод - прадаўгаватая каробачка [1].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў чэрвені-верасні, пладаносіць у верасні-кастрычніку. Размнажэнне насеннае.
Пашырэнне. Сярэдняя і Паўднёвая Эўропа, Заходняе Міжземнамор'е, Балканы, [1, 2]. У Беларусі трапляецца ў Бярозаўскім, Берасцейскім, Гарадзенскім, Драгічынскім, Камянецкім і Маларыцкім раёнах [3, 4].
Месцы росту. Сасновыя, шыракаліста-сасновыя і шыракалістыя лясы, сухадольныя лугі на пясчаных глебах, лясныя паляны, узлескі і прасекі, чыгуначныя насыпы.
Характар росту. Расце невялікімі, нярэдка даволі буйнымі групамі або асобнымі экземплярамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Антрапагенная трансфармацыя зямель, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі, выпас жывёлы, касьба, збор квітучых раслін.
Культываванне. Вырошчваецца ў ЦБС АН Беларусі [5].
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Белавежскай пушчы, біялагічным заказніку «Спароўскі».
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцазнаходжанняў і кантроль за станам папуляцый, арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў, выяўленне новых месцаў росту і іх ахова, увядзенне ў культуру, рассяленне ў прыродныя экатопы.

Літ.: 1. Флора СССР, т. 6, 1936; 2. Определитель высших растений Украины, 1987; 3. Николаева, Зефиров, 1971; 4. Даныя гербарыя ІЭБ АН Беларусі; 5. Кухарева, Пашина, 1986.

Л.Сімановіч

Паведаміць пра недакладнасьць