Кізільнік алаунскі (Cotoneaster alaunicus Golits., 1964 [C. x matrensis Domokos])
Парадак Ружакветныя (Rosales), сямейства Ружавыя (Rosaceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных тэрыторыях.
Значэнне ў захаванні генафонду. Рэліктавы гібрыдагенны эндэмічны для тэрыторыі Ўсходняй Эўропы від з дыз'юнктыўным арэалам, які знаходзіцца ў Беларусі ў асобных ізаляваных лакалітэтах. Патрабуе далейшага таксанамічнага, экалагічнага і геаграфічнага вывучэння. Дэкаратыўная, харчовая і меданосная расліна.
Кароткае апісанне. Раскідзісты галінасты куст вышынёй да 1,5 м. Маладыя парасткі апушаныя, гадавалыя голыя, цёмна-пурпуровыя. Лісце зверху светла-зялёнае, з яйкападобнай або эліптычнай пласцінкай, зверху рассеяна-валасістае, знізу рыхлабелаваталямцавае. Кветкі двухполыя, сабраны па 1-4 [7] у паніклае гронкападобнае суквецце, карацейшае за лісце, з рассеяна-валасістымі кветаносамі і кветаножкамі; пялёсткі прамастойныя, акруглаяйкападобныя, ружовыя. Зубцы чашачкі ружоваакаймаваныя, на верхавінцы і на краі тонкалямцаватыя. Кветкавая трубка (гіпантый) голая. Плод - дробны, буравата-чорны, з шызым налётам яблык, у якім 3 костачкі і мучністая мякаць [1, 2].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў чэрвені-ліпені, пладаносіць у жніўні-верасні. Размнажэнне насеннае і вегетатыўнае.
Пашырэнне. Спарадычна трапляецца на паўднёвым захадзе і захадзе Ўсходняй Эўропы, на Сярэднерасейскім узвышшы, на ўсходзе даходзіць да Волгі [1]. У Беларусі адзначаны ў Браслаўскім, Верхнядзвінскім, Глыбоцкім, Гарадоцкім і Мядзельскім раёнах [3, 4].
Месцы росту. Расце на адкрытых схілах, у хмызняку, на ўзлесках, на абразійных схілах у азёрных катлаванах. Каля воз. Доўгае трапляецца як падлесак у хваёвым лесе. Аддае перавагу багатым карбанатамі глебам.
Характар росту. Трапляецца адзінкавымі кустамі або невялікімі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гаспадарчае асваенне зямель, знішчэнне кустовай расліннасці, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў азёрным заказніку «Доўгае» і Асвейскім паляўнічым заказніку.
Неабходныя меры аховы. Кантроль за станам папуляцый, рэарганізацыя Асвейскага паляўнічага заказніка ў ландшафтны, арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў у месцах росту, якія не знаходзяцца пад аховай, выяўленне новых месцаў росту. Як вельмі дэкаратыўная і непатрабавальная расліна заслугоўвае шырокага ўвядзення ў культуру.

Літ.: 1. Голицин, 1964; 2. Ареалы деревьев и кустарников СССР, т. 2, 1980; 3. Редкие и исчезающие виды..., 1987; 4. Даныя гербарыяў ІЭБ АН Беларусі і БДУ.

Г.Вынаеў

Паведаміць пра недакладнасьць