Чына горная (Lathyrus montanus Bernh., 1800)
Парадак Бабовакветныя (Fabales), сямейства Бабовыя (Fabaceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных тэрыторыях.
Значэнне ў захаванні генафонду. Атлантычна-эўрапейскі лясны рэліктавы від, які знаходзіцца ў Беларусі ў асобных лакалітэтах і астраўных месцах росту за ўсходняй мяжой арэала [1]. Каштоўная кармавая і дэкаратыўная расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая зялёная травяністая расліна з доўгім патоўшчаным у вузлах карэнішчам і прамым вузкакрылатым сцяблом вышынёй 15-85 см. Лісце парна-перыстаскладанае з паўстрэлападобнымі прыліснікамі і 2-4 парамі прадаўгавата-эліпсападобных лісточкаў. Кветкі ружова-лілова-чырвоныя ў кароткіх верхавінкавых гронках. Чашачка званочкападобная з няроўнымі зубцамі. Флаг венчыка з сеткай цёмных жылак, падоўжна-авальны, адгіб яго з выемкай на верхавінцы. Плод - падоўжна-лінейны завостраны на канцы (спелы - чорны) струк. Насенне шарападобнае, гладкае, чырванавата-бурае [2-4].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў чэрвені, пладаносіць у ліпені. Размнажэнне насеннае і вегетатыўнае.
Пашырэнне. Эўразія [4]. На тэрыторыі Беларусі адзначана ў Менскім, Лагойскім, Баранавіцкім, Івацэвіцкім і Наваградскім раёнах [1, 5]. У канцы мінулага стагоддзя траплялася ў наваколлі Горадні, Магілева і Мазыра [6].
Месцы росту. Хваёвыя (пераважна сасновыя) лясы, хмызнякі, лясныя паляны і ўзлескі.
Характар росту. Расце невялікімі групамі і адзіночнымі экземплярамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Тэхнагеннае ўздзеянне на месцы росту пры высечцы лясоў, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі (вытоптванне, збор раслін), гаспадарчая трансфармацыя зямель.
Культываванне. Звестак няма.
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Рэвізія вядомых месцаў росту і кантроль за станам папуляцый, арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў, выяўленне новых месцаў росту, увядзенне ў культуру.

Літ.: 1. Козловская, Парфенов, 1972; 2. Флора СССР, т. 13, 1947; 3. Флора БССР, т. 3, 1952; 4. Флора Европейской части СССР, т. 6, 1987; 5. Даныя гербарыяў ІЭБ АН Беларусі і БДУ; 6. Пачоский, 1897.

Г.Зубкевіч

Паведаміць пра недакладнасьць