Змеегалоўнік руйша (Dracocephalum ruyschiana L., 1753)
Парадак Ясноткакветныя (Lamiales), сямейства Ясноткавыя (Губакветныя) (Lamiaceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных плошчах.
Значэнне ў захаванні генафонду. Барэальны эўразійскі лесастэпавы рэліктавы від, які знаходзіцца ў Беларусі паблізу паўночна-заходняй мяжы арэала [1, 2]. З'яўляецца прадстаўніком паўднёвасібірскага (алтайскага) міграцыйна-генетычнага элемента ў флоры Беларусі [3]. Дэкаратыўная, лекавая, меданосная, тэхнічная і кармавая расліна [4].
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з разгалінаваным карэнішчам і прамымі валасістымі, у верхняй частцы разгалінаванымі сцёбламі вышынёй да 60 см. Лісце ланцэтна-лінейнае або амаль лінейнае, з загнутымі ўніз краямі, пераважна сядзячае, даўжынёй 2-3 см. Кветкі буйныя, сіне-фіялетавыя, у 6-кветкавых несапраўдных мутоўках, сабраных на канцы сцябла ў падоўжанае гронкападобнае суквецце даўжынёй 3-5 см. Плод - арэшак [5, 6].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў чэрвені-ліпені, пладаносіць у ліпені. Размнажэнне насеннае.
Пашырэнне. Эўразія. У Беларусі трапляецца ў Берасцейскім, Лепельскім, Лагойскім, Лоеўскім, Менскім і Пружанскім (Белавежская пушча) раёнах [7-9]. Раней адзначаўся для Гомельскага, Гарадзенскага, Жлобінскага, Зэльвенскага, Мсціслаўскага, Рэчыцкага і Слуцкага раёнаў [10, 11].
Месцы росту. Зрэджаныя хвойна-шыракалістыя, сасновыя і саснова-бярозавыя лясы мшыстага, чарнічнага і верасовага тыпаў, травяністыя схілы.
Характар росту. Расце асобнымі экземплярамі і невялікімі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Гаспадарчая трансфармацыя зямель, выпас жывёлы, вытоптванне, збор квітучых раслін.
Культываванне. Вырошчваецца ў ЦБС АН Беларусі [4].
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Белавежскай пушчы, Бярэзінскім запаведніку і ў спецыялізаваным батанічным заказніку «Чырванашвабскі» ў Лагойскім раёне.
Неабходныя меры аховы. Рэвізія месцаў росту і кантроль за станам папуляцый, арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў, пошук новых месцаў росту, забарона адзначаных відаў антрапагеннага ўздзеяння, увядзенне ў культуру, штучнае размнажэнне і рассяленне ў прыродныя ўмовы.

Літ.: 1. Козловская, Парфенов, 1972; 2. Носова, 1973; 3. Kalisch, 1981; 4. Кухарева, Пашина, 1986; 5. Флора СССР, т. 20, 1954; 6. Флора Европейской части СССР, т. 3, 1978; 7. Даныя гербарыя ІЭБ АН Беларусі; 8. Николаева, Зефиров, 1971; 9. Березинский биосферный заповедник, 1983; 10. Пачоский, 1899; 11. Полянская, 1931.

Н.Казлоўская

Паведаміць пра недакладнасьць