Лопух дуброўны (Arctium nemorosum Lej., 1833)
Парадак Астракветныя (Asterales), сямейства Астравыя (Складанакветныя) (Asteraceae (Compositae))

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных тэрыторыях.
Значэнне ў захаванні генафонду. Рэліктавы сярэднеэўрапейскі немаральны від, які знаходзіцца ў Беларусі ў ізаляваных лакалітэтах за паўночна-ўсходняй мяжой арэала.
Кароткае апісанне. Двухгадовая травяністая расліна з моцным прамастойным галінастым сцяблом вышынёй да 2 м і магутным верацёнападобным коранем. Ніжнія галіны звычайна дугападобна адагнутыя ўніз. Лісце буйное, сэрца-, яйкападобнае, тонкае, па краі расстаўлена-выемчаста-зубчастае, з доўгімі пустымі чаранкамі; зверху зялёнае, знізу слаба лямцавае, шэра-зялёнае з дробнымі рассеянымі жаўтаватымі залозкамі. Агульнае суквецце гронкападобнае; верхавінкавыя кошыкі адзіночныя або сабраны ў клубочкі па 2-6. Абгорткі большай часткай голыя, радзей злёгку павуціністыя, іх лісцікі шылападобныя, заканчваюцца кручочкамі. Кветкі трубчастыя з пурпурова-чырвоным вяночкам. Плод - падоўжная рабрыстая сямянка з ападаючым чубком.
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў чэрвені-жніўні, пладаносіць у жніўні-верасні. Размнажэнне насеннае.
Пашырэнне. Сярэдняя і Атлантычная Эўропа, поўдзень Скандынаўскага паўвострава, Крым, Каўказ [1]. У Беларусі вядомы ў Белавежскай пушчы [2].
Месцы росту. Шыракалістыя і хвойна-шыракалістыя лясы на багатай гумусам глебе.
Характар росту. Расце невялікімі групамі і адзінкавымі экземплярамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Высечка лесу (празмернае асвятленне полага), гаспадарчая трансфармацыя зямель.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Белавежскай пушчы.
Неабходныя меры аховы. Кантроль за станам папуляцый з мэтай вывучэння тэндэнцый змянення яе колькасці, штучнае рассяленне ў адпаведныя экатопы, пошук новых месцаў росту, увядзенне ў культуру.

Літ.: 1. Флора СССР, т. 27, 1962; 2. Николаева, Зефиров, 1971.

Г.Вынаеў

Паведаміць пра недакладнасьць