Касач сібірскі (Iris sibirica L., 1753)
Парадак Касачакветныя (Iridales), сямейства Касачовыя (Iridaceae)

Статус. III катэгорыя. Рэдкі від, які трапляецца ў невялікай колькасці на абмежаваных тэрыторыях.
Значэнне ў захаванні генафонду. Эўрасібірскі барэальны від з высокімі дэкаратыўнымі якасцямі.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з моцным, негалінастым голым кветаносам вышынёй да 80 см і паўзучым карэнішчам. Парасткі каля асновы з бурымі валокнамі - рэшткамі адмерлых лісцевых похваў. Прыкаранёвае лісце доўгае, вузкае, лінейнае, значна карацейшае за кветанос. 3 сцябловыя лісты невялікія, абдымаюць сцябло. Кветкі буйныя, з кароткай трубкай, сінія, без паху, па 2-3 на кветаносе. Плод - падоўжная, тупа завостраная трохгранная каробачка са слаба выразным носікам [1, 2].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў траўні-чэрвені, пладаносіць у жніўні. Размнажэнне насеннае і вегетатыўнае.
Пашырэнне. Эўропа, Каўказ, Заходняя і Ўсходняя (паўднёва-заходняя частка) Сібір [1]. У Беларусі пашыраны спарадычна па ўсёй тэрыторыі. Знойдзены ў Асіповіцкім, Бабруйскім, Берасцейскім, Быхаўскім, Буда-Кашалёўскім, Валожынскім, Вілейскім, Ганцавіцкім, Гомельскім, Гарадзенскім, Дзятлавіцкім, Добрушскім, Жлобінскім, Жыткавіцкім, Іванаўскім, Івацэвіцкім, Калінкавіцкім, Камянецкім, Капыльскім, Клецкім, Кобрынскім, Крупскім, Лельчыцкім, Лоеўскім, Лунінецкім, Маларыцкім, Мазырскім, Менскім, Мсціслаўскім, Мядзельскім, Наваградскім, Нараўлянскім, Пінскім, Полацкім, Пружанскім, Рагачоўскім, Расонскім, Свіслацкім, Слуцкім, Смаргонскім, Ушацкім і Чэрыкаўскім раёнах [3].
Месцы росту. Ускрайкі шыракалістых, драбналістых і мяшаных лясоў, лясныя і поймавыя лугі, ускрайкі балот, парослыя хмызняком, берагі вадаёмаў і канаў.
Характар росту. Расце невялікімі групамі і адзінкавымі экземплярамі на абмежаваных плошчах. Зрэдку ў поймах утварае значныя зараснікі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Асушальная меліярацыя і гаспадарчая трансфармацыя зямель, касьба, выпас жывёлы, збор квітучых раслін, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі.
Культываванне. Вырошчваецца ў ЦБС АН Беларусі [4], батанічным садзе БДУ і ў Рэспубліканскім экалагічным цэнтры навучэнцаў у Менску.
Прынятыя меры аховы. Занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 г. [5]. Ахоўваецца ў Белавежскай пушчы, Прыпяцкім запаведніку, ландшафтным заказніку «Мазырскія яры», батанічным заказніку лекавых раслін «Шабрынскі», батанічных мікразаказніках рэдкіх і знікаючых відаў раслін «Глушкавічы» (Лельчыцкі раён), «Дзядок» (Клецкі раён), «Мядзельскі» і «Некасецкі» (Мядзельскі раён), паляўнічых заказніках «Налібоцкі» і «Чэрыкаўскі».
Неабходныя меры аховы. Арганізацыя ў месцах масавага росту спецыялізаваных батанічных заказнікаў, забарона антрапагенных уздзеянняў на месцы росту віду, увядзенне ў культуру і рассяленне ў прыродныя ўмовы.

Літ.: 1. Цвелев, 1979; 2. Федченко, 1976; 3. Даныя гербарыяў ІЭБ АН Беларусі і БДУ; 4. Кухарева, Пашина, 1986; 5. Чырвоная кніга БССР, 1981.

Г.Зубкевіч

Паведаміць пра недакладнасьць