Фіялка багнавая (Viola uliginosa Bess., 1809)
Парадак Фіялкакветныя (Violales), сямейства Фіялкавыя (Violaceae)

Статус. IV катэгорыя. Вельмі рэдкі, недастаткова вывучаны від, колькасць і стан якога выклікаюць трывогу.
Значэнне ў захаванні генафонду. Сярэднеэўрапейскі падтаежны рэліктавы від, які знаходзіцца ў Беларусі ў асобных лакалітэтах і астраўных месцах росту ў межах усходнеэўрапейскага фрагмента дыфузнага эўрапейскага арэала. Дэкаратыўная расліна.
Кароткае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна з доўгім тонкім карэнішчам і прамастойным кветаносам вышынёй 10-20 см. Лісце яйкападобна-трохвугольнае, з крылатым чаранком, па даўжыні амаль роўным ліставой пласцінцы, сабранае ў прыкаранёвую разетку. Прыліснікі да паловы зрасліся з чаранком, залозістаапушаныя. Кветаносы з 2 прыкветнікамі, якія рана ападаюць. Кветкі буйныя (даўжынёй да 3 см), ліловыя, без паху. Шпорац тупы, кароткі, злёгку загнуты ўверх. Плод - тупая прадаўгавата-яйкападобная каробачка [1, 2].
Асаблівасці біялогіі. Цвіце ў красавіку-траўні, пладаносіць у чэрвені. Размнажэнне насеннае. Насенне з мясістым прыдаткам, разносіцца мурашкамі.
Пашырэнне. Скандынавія, Сярэдняя і Ўсходняя Эўропа [1]. У Беларусі пашырана пераважна ва ўсходняй частцы Палесся - Буда-Кашалёўскі, Гомельскі, Добрушскі, Жыткавіцкі, Жлобінскі, Кармянскі, Лельчыцкі, Мазырскі і Петрыкаўскі раёны, крайні паўночны пункт - наваколле в. Гарэлец Пухавіцкага раёна [3]. Раней адзначалася ў наваколлі Мазыра, Лоева, у Івацэвіцкім, Лунінецкім і Пінскім раёнах, Белавежскай пушчы [4].
Месцы росту. Забалочаныя чорнаальховыя лясы і хмызнякі, поймавыя дубравы, парослыя хмызняком лугі і балоты, сырыя яловыя лясы з дамешкам дубу і ўскрайкі мяшаных лясоў.
Характар росту. Расце невялікімі або даволі буйнымі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Асушальная меліярацыя і гаспадарчая трансфармацыя зямель, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі (вытоптванне, зрыванне квітучых раслін), касьба, выпас жывёлы.
Культываванне. Вырошчваецца ў ЦБС АН Беларусі [5] і ў Рэспубліканскім экалагічным цэнтры навучэнцаў у Менску.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў Прыпяцкім запаведніку, заказніках «Мазырскія яры» і «Шабрынскі».
Неабходныя меры аховы. Кантроль за станам папуляцый, арганізацыя спецыялізаваных батанічных заказнікаў, забарона пазначаных відаў антрапагеннага ўздзеяння на месцы росту віду, абмежаванне рэкрэацыйных нагрузак, выяўленне новых месцаў росту, увядзенне ў культуру.

Літ.: 1. Флора СССР, т. 15, 1949; 2. Флора БССР, т. 3, 1950; 3. Пачоский, 1897; 4. Даныя гербарыя ІЭБ АН Беларусі і БДУ; 5. Кухарева, Пашина, 1986.

Т.Сауткіна

Паведаміць пра недакладнасьць