Брыум клінгрэфа (Bryum klinggraeffii Schbmp., 1858)
Парадак Эубрыевыя (Eubryales), сямейства Брыевыя (Bryaceae)
Статус. I катэгорыя. Надзвычай рэдкі від, які знаходзіцца пад пагрозай знікнення.
Значэнне ў захаванні генафонду. Немаральны элемент з няпэўнымі флорагенетычнымі сувязямі і своеасаблівым пашырэннем.
Кароткае апісанне. Сцябло даўжынёй 2-5 см, простае або галінастае. Лісце чаргаванае, жорсткае, яйкападобна-ланцэтнае, з адхіленымі краямі. Жылка выходзіць з верхавінкі ліста кароткім зубчастым вастрыём. Клеткі ліста падоўжана-рамбаідальныя, са слабапатоўшчанымі сценкамі. Каробачка на чырвонай ножцы, адвіслая, маленькая, ад яйкападобнай да адваротна-яйкападобнай, спелая - чырвоная. Перыстом двайны. Вечка пукатае, з вострай верхавінкай.
Асаблівасці біялогіі. Двухдомны. Размнажаецца вегетатыўна - рызоіднымі ярка-малінавымі акруглымі шматклетачнымі вывадковымі целамі [1, 2]. Спараносіць летам.
Пашырэнне. Эўропа, Усходняя Азія, Паўночная і Южная Амерыка, Цэнтральная Афрыка. Ва Ўсходняй Эўропе трапляецца рэдка ў паўночна-заходніх яе раёнах. У Беларусі дакладна вядома адно месца росту - батанічны заказнік «Сапоцкінскі» ў Гарадзенскім раёне [3]; у мінулым стагоддзі адзначаўся для Белавежскай пушчы [4].
Месцы росту. Бетонныя апоры шлюзаў і тарфяныя берагі рэк.
Характар росту. Трапляецца невялікімі рыхлымі дзярнінкамі, часцей сярод іншых відаў імхоў.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Празмернае высушванне або затапленне месцаў росту, канкурэнцыя з боку іншых, больш буйных мохападобных, абмежаванае пашырэнне карбанатных субстратаў.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Ахоўваецца ў батанічным заказніку «Сапоцкінскі».
Неабходныя меры аховы. Арганізацыя на рацэ Чорная Ганьча спецыялізаванага брыялагічнага мікразаказніка, пошук новых месцаў росту і іх ахова.
Літ.: 1. Савич-Любицкая, Смирнова, 1970; 2. Мельничук, 1970; 3. Рыковский, Млынарчик, Масловский, 1988; 4. Алексенко, 1899.
Г.Рыкоўскі