Нітэлопсіс прытуплены (Nitellopsis obtusa (Desv.) Gr., 1864)
Аддзел Харавыя водарасці (Charophyta), клас Харафіцыевыя (Charophyceae), парадак Харавыя (Charales), сямейства Нітэлопсіевыя (Nitellopsidaceae)

Статус. IV катэгорыя. Адносна рэдкі, недастаткова вывучаны від.
Значэнне ў захаванні генафонду. Адзіны прадстаўнік роду з нязначнай марфалагічнай зменлівасцю. Адчувальны да забруджвання асяроддзя (індыкатарны). Аб'ект лабараторных даследаванняў.
Кароткае апісанне. Водарасць знешнім выглядам нагадвае хвошч, але больш далікатная. Маладая расліна светла-, цёмна-зялёная, потым сіне-зялёная. Механічна лёгка разбураецца, пры гэтым шматлікія дыскападобныя хларапласты лёгка выходзяць з клетак у ваду і яна становіцца ярка-зялёнай. Можа дасягаць вышыні 1 м пры дыяметры да 2 м. Талом складзены з ніткападобных парасткаў: асноўнага («сцябло») і бакавых («лісце»), якія маюць членіста-кальчаковую будову; без кары, з коранепадобнымі рызоідамі. Міжвузелле - адна шмат'ядравая клетка даўжынёй 0,2-20 см. Кальчакі з вельмі доўгага «лісця» (5-7 штук), якое мала адрозніваецца ад «сцябла». «Лісце» з 2-3 членікаў з рудыментарнымі прыліснікамі, ад кожнага членіка адыходзяць 1-3 «лісцікі». На ніжніх частках «сцябла» з вузлоў, паглыбленых у глей, утвараюцца зорчатай формы клубеньчыкі. Аагоніі цёмна-кафейныя, спіралепадобна счэрчаныя, вельмі зменлівыя па форме і памерах, на верхавінцы з разеткай з 5 пукатых бугаркоў. Антэрыдыі бледна-жоўта-чырвоныя, адзіночныя, шарападобныя, дыяметрам да 0,5 мм [1, 2].
Асаблівасці біялогіі. Двухдомная расліна. Полавае размнажэнне назіраецца рэдка, пераважна восенню. Характэрна вялікая здольнасць да вегетатыўнага размнажэння клубеньчыкамі, якія пасля перазімоўкі прарастаюць новымі парасткамі. У звычайных умовах адналетнік, на значнай глыбіні і пры мяккай зіме можа стаць двухлетнікам [2].
Пашырэнне. Пашыраны па ўсіх краінах і кантынентах, але трапляецца спарадычна. У Беларусі адзначаны ў Мядзельскім раёне (азёры Нарач і Мястра).
Месцы росту. Расце пераважна на глыбіні да 30 м у прэсных стаячых або слаба праточных вадаёмах [1]. У азёрах Нарач і Мястра, як правіла, заканчвае глыбінную зону зарастання макрафітаў, часта разам з іншымі раслінамі.
Характар росту. Трапляецца групамі, месцамі з тэндэнцыяй да змяншэння займаемых плошчаў.
Асноўныя абмежавальныя фактары. Забруджванне, эўтрафіраванне вадаёмаў, выкарыстанне ў рыбалоўстве тралаў і невадаў.
Культываванне. Не культывуецца.
Прынятыя меры аховы. Не прымаліся.
Неабходныя меры аховы. Прадухіленне забруджвання і змянення гідралагічнага і гідрахімічнага рэжымаў вадаёмаў, забарона выкарыстання тралаў і невадаў ва ўказаных вадаёмах і арганізацыя ў іх альгалагічных мікразаказнікаў, выяўленне новых месцаў росту.

Літ.: 1. Голлербах, Красавина, 1983; 2. Энцыклапедыя прыроды Беларусі, т. 4, 1985.

Т.Міхеева

Паведаміць пра недакладнасьць