Адаптацыя сацыяльная. На працягу жыцця чалавек пастаянна павінен прыстасоўвацца да ўмоў жыцця. Такі працэс узаемадзеяння індывіда (групы, суполкі) з сацыяльным асяроддзем называюць адаптацыяй. Паступова выпрацоўваюцца і актуалізуюцца такія якасці, што забяспечваюць выжыванне. Адначасова чалавек актыўна ўздзейнічае на новыя ўмовы і абставіны, кантралюе і рэгулюе іх. Працэс адаптацыі можа быць татальны пры пэўнай змене навакольнага асяроддзя і мэтавы (змена работы і інш.). У псіхалагічных і сацыяльных адносінах важна ўлічваць асаблівасці адаптацыі чалавека да працяглага ўздзеяння неспрыяльных фактараў (стрэсараў). Адаптацыйны сіндром, які ўзнікае пры гэтым, уяўляе сабой сукупнасць асноўных рэакцый і ў сваім развіцці праходзіць стадыі трывогі, супраціўляльнасці, аднаўлення. Адаптацыя сацыяльная цесна звязана з асваеннем і прыняццем індывідам нормаў і каштоўнасцей таго грамадства, да якога ён належыць, утвараючы адзіны працэс сацыялізацыі.

Паведаміць пра недакладнасьць