Анамія (ад франц. anomie - адсутнасць закону, беззаконнасць), стан грамадства, калі значная частка людзей ведае пра існаванне юрыдычных, маральных і іншых нормаў супольнага жыцця, але не лічыцца з імі і не падпарадкоўваецца ім. Тэорыю анаміі распрацаваў французскі сацыёлаг Э.Дзюркгайм. У манаграфіях «Аб падзеле грамадскай працы» (1893), «Самазабойства» (1897) ён падкрэсліваў, што анамія або дэзарганізацыя грамадскага жыцця найчасцей узнікае ў грамадстве, якое знаходзіцца ў стане глыбокага эканамічнага і сацыяльнага крызісу і ў якім імкненні, жаданні, запатрабаванні людзей у сваёй большасці не маюць шансаў на рэалізацыю. Гэта прыводзіць да канфліктных сутыкненняў інтарэсаў розных індывідаў і суполак, а пры значных маштабах можа выклікаць грамадскую дэзінтэграцыю. Таму трэба знаходзіць сродкі і шляхі для гарманізацыі імкненняў і дзеянняў розных індывідаў і суполак. Паводле Дзюркгайма анаміі здольна пазбегнуць устойлівае і з'яднанае грамадства. Далейшае развіццё тэорыя анаміі набыла ў працах амерыканскіх сацыёлагаў І.Ламбда (лічыў анамію крыніцай сацыяльных беспарадкаў), Р.Мертана (вызначаў анамію як «канфлікт нормаў у сферы культуры»), нямецкага сацыёлага Р.Дарэндорфа (лічыў анаміяй такое становішча, калі нормы права, маралі і грамадскі парадак беспакарана парушаюцца на ўсіх ступенях грамадскай іерархіі). Відавочна, што ўсе прыведзеныя характарыстыкі анаміі маюць дачыненне да сучаснага стану нашага грамадства, якое знаходзіцца на шляху пераходу ад таталітарнай сістэмы да дэмакратыі.

Паведаміць пра недакладнасьць