Анархізм (ад грэч. anarchia - безуладдзе). Калі якая-небудзь з'ява ці працэс адбываецца стыхійна і неарганізавана, калі ў чым-небудзь існуе беспарадак і хаос, гэта, як правіла, называюць анархіяй. Анархізм - ідэалогія, грамадска-палітычная плынь у рэвалюцыйным руху, мэта якой - вызваленне асобы ад палітычнай, эканамічнай і духоўнай улады. У тэарэтычных адносінах не мае адзінай, лагічна паслядоўнай канцэпцыі. Асобныя ідэі анархізму існавалі яшчэ ў антычнай філасофіі (Платон, стоікі). Развіваліся ў ідэалогіі гусізму, у творах французскіх асветнікаў і асабліва актыўна - грамадска-палітычнымі дзеячамі 19 ст. М.Штырнерам, П.Прудонам, М.Бакуніным, П.Крапоткіным і інш. Сацыяльна-філасофская аснова анархізму - індывідуалізм, суб'ектывізм і валюнтарызм. Негатыўна ставіцца анархізм да дзяржавы як сацыяльнага інстытута і імкнецца замяніць дзяржаву абшчынай, у якой, на яго думку, можа найбольш поўна рэалізавацца свабода асобы. Як грамадска-палітычная плынь анархізм аформіўся ў 1840-1870-я г. ў Заходняй Эўропе. У Расеі гэтыя ідэі ўспрынялі народнікі. Новы ўсплёск анархізму адбыўся на пачатку 20 ст. У 1903-1905 у Беларусі групоўкі анархістаў існавалі ў Баранавічах, Берасці, Горадні і інш. гарадах, у 1917-1920 - у Віцебску, Гомелі, Менску. Дзейнасць анархістаў праявілася ў гады грамадзянскай вайны. Для іх характэрна рэвалюцыйная нецярпімасць, авантурызм, хістанні ад супрацоўніцтва з Саветамі да антысавецкіх выступленняў. Пасля 2-й сусветнай вайны анархізм выступае пераважна ў форме неанархізму (анархасіндыкалізм, анархакалектывізм, анархакамунізм, трацкізм, мааізм і г.д.). Ідэі анархізму ўплываюць на погляды «новых левых», «зялёных», «левых радыкалаў», прыхільнікаў альтэрнатыўных рухаў.

Паведаміць пра недакладнасьць