Антысемітызм (франц. antisémitisme, ням. Antisemitismus), праяўленне варожых адносін да жыдоў (семітаў) па нацыянальных і рэлігійных матывах. Узнікненне антысемітызму належыць да часоў вымушанага масавага перасялення жыдоў з Палесціны ў іншыя краіны Рымскай імперыі (1 ст. н.э.), дзе яны ўспрымаліся мясцовым насельніцтвам як «іншароднае цела». У эпоху феадалізму ў краінах Эўропы жыды былі непаўнапраўныя, жылі ў асобных ізаляваных кварталах (гета), падвяргаліся рэлігійным і нацыянальным ганенням. У выніку буржуазных рэвалюцый прававыя абмежаванні ў большасці краін былі зняты, але міфы аб «сусветнай змове жыдоў», іх вінаватасці ў розных супярэчнасцях і няўстойлівасці жыцця перыядычна адраджаліся. Напрыклад, у Расеі для жыдоў была ўведзена т.зв. «мяжа аселасці», дзейнічалі законы, якія забаранялі жыдам купляць зямлю, паступаць на дзяржаўную службу, займаць афіцэрскія пасады ў арміі, служыць у паліцыі, працаваць на чыгунцы, у паштовых установах і інш. На пачатку 1880-х г., а таксама ў перыяд рэвалюцыі 1905-1907 па Расеі пракацілася хваля жыдоўскіх пагромаў, арганізатарамі якіх, як правіла, выступалі палітычная паліцыя, розныя шавіністычныя арганізацыі, аддзяленні «Саюза рускага народа» і інш. Асабліва жахлівыя формы антысемітызм набыў у фашысцкай Германіі і акупаваных ёй краінах у 1933-1945, калі гітлераўцы знішчылі каля 6 млн. жыдоў, у т.л. 3 млн. грамадзян СССР. На тэрыторыі Беларусі фашысты стварылі 70 гета, знішчылі больш за 300 тыс. жыдоў. У сучасных умовах праяўленні антысемітызму маюцца ў ЗША (т.зв. негрыцянскі антысемітызм), у Францыі (Ле Пэн і яго аднадумцы), у асяроддзі арабскіх экстрэмістаў, у дзейнасці праванацыяналістычных арганізацый Расеі і інш.

Паведаміць пра недакладнасьць