Апакаліпсіс (грэч. apokalypsis - літар. адкрыццё). Гэта слова выкарыстоўваецца ў значэнні буйнамаштабнага бедства, пагрозы пагібелі чалавецтва ці навакольнага асяроддзя; часта асацыіруецца з крызісам альбо канцом цывілізацыі, эканамічнымі катастрофамі, ядзернай вайной. Тэрмін запазычаны з Новага Запавета - з Адкрыцця святога Яна Багаслова, напісанага ў 1 ст. У ёй у форме бачанняў, пасланых Богам, апісаны будучы лёс свету і чалавецтва. Галоўная ідэя кнігі - чаканне страшнага Божага суда, калі на грэшнае чалавецтва абрынуцца сусветныя катастрофы. Тлумачальнікі разглядаюць гэту кнігу як прароцтва пра апошнія часы сусвету і чалавецтва, якія адбудуцца напярэдадні 2-га прышэсця Ісуса Хрыста на Зямлю. Праз увесь тэкст праходзіць сакральная лічба 7 (7 цэркваў, 7 зорак у руцэ Госпада, 7 анёлаў, што выліваюць на грэшнікаў 7 чаш Божага гневу і г.д.). Сямікратнае памнажэнне бедстваў і катастроф выклікаюць у чытача свяшчэнны жах перад непазбежным сканчэннем свету.

Пасля Чарнобыльскай катастрофы шмат якія тлумачальнікі апакаліптычных прароцтваў, у т.л. і ў Беларусі, пачалі звязваць трубныя гукі 3-га анёла, які апавяшчае пра падзенне на Зямлю вялікай зоркі пад назвай «Палын» (па-ўкраінску - «чарнобыль»), як біблейскае прадказанне гэтай самай згубнай у гісторыі чалавецтва катастрофы - нацыянальнай трагедыі беларускага народа.

Паведаміць пра недакладнасьць