Вальнадумства. Прызнаючы вышэйшую годнасць і каштоўнасць чалавечай асобы, нельга адказваць ёй у праве на самастойную думку, уласны выбар, на асабісты пошук ісціны, спалучаны з высокай адказнасцю перад грамадствам. Доўгі і цяжкі быў шлях чалавека да набыцця свабоды думкі. Тэрмін «вальнадумства» ўвайшоў ва ўжытак толькі ў 18 ст. Шматвяковыя традыцыі разняволення чалавечага інтэлекту ідуць ад тых часоў, калі аб'ектыўным і дакладным ведам супрацьстаялі суб'ектыўныя «суджэнні» і фантастычныя здагадкі, якія часта набывалі статус вышэйшай ісціны. Найбольш яскрава вальнадумства праявілася ў сярэднія вякі, у эпоху непадзельнага панавання рэлігійнай ідэалогіі з характэрнымі для яе аўтарытарызмам і нецярпімасцю да іншадумства. Гэтым абумоўлена і тое, што ў гісторыі найбольш замацавалася рэлігійнае вальнадумства як форма гуманістычнай і рацыяналістычнай апазіцыі царкоўнай дагматыцы і падрыву гегемоніі рэлігійна-тэалагічнага светапогляду. Адной з ранніх папулярных формаў вальнадумства была тэорыя «дваістай ісціны», якая сцвярджала незалежнасць розуму ад веры, раўнапраўе прыродазнаўчанавуковых і рэлігійных уяўленняў. У эпоху Адраджэння вальнадумства стала характэрнай рысай усёй прагрэсіўнай гуманістычнай культуры. Найвышэйшага росквіту вальнадумства дасягнула ў перыяд ранніх буржуазных рэвалюцый і Асветніцтва 17-18 ст. (Вальтэр, Ж.Ламетры, П.Гольбах, Д.Дзідро, М.В.Ламаносаў, А.М.Радзішчаў і інш.).

Вальнадумства аказала глыбокае ўздзеянне на развіццё культуры Беларусі. Элементы вальнадумства былі ўжо ў ерасях 14-15 ст., дзе крытыкавалася пануючая царква, духавенства, абраднасць і культы. Якасна новы характар вальнадумства набыло ў эпоху Адраджэння. Заснаваны Ф.Скарынам гуманістычна-асветніцкі кірунак вальнадумства ў 16-17 ст. развіты ў творчасці С.Буднага, В.Цяпінскага, Л.Зізанія і інш. Вяршыняй вальнадумства ў Беларусі ў 17 ст. сталі ідэі К.Лышчынскага, які творцамі рэлігіі абвясціў людзей. Жорсткія рэпрэсіі вымушалі беларускіх вальнадумцаў ствараць парадыйныя і сатырычныя ананімныя творы: «Прамовы Мялешкі» (першая палова 17 ст.), «Ліст да Абуховіча» (1655); трыумф вальнадумства - творы «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе». Новую хвалю вальнадумства ў Беларусі выклікалі пашырэнне навуковых ведаў і дэмакратызацыя культуры ў эпоху Асветніцтва. У 19 ст. гістарычныя традыцыі антырэлігійнага вальнадумства зліліся з рэвалюцыйна-дэмакратычнай ідэалогіяй.

Такім чынам, вальнадумства - гэта рашучае адмаўленне ад аўтарытарна-дагматычнага, традыцыяналісцкага мыслення, сцвярджэнне самакаштоўнасці чалавечага розуму і яго неад'емнага права на свабодны пошук ісціны.

Паведаміць пра недакладнасьць