Дабрабыт. Пад гэтым тэрмінам разумеюць дастатак, забяспечанасць насельніцтва. У найбольш агульным выглядзе дабрабыт - гэта ступень задавальнення матэрыяльных, духоўных і сацыяльных патрэбнасцей, ці ўзровень жыцця. Але важна вызначыць, колькі гэтых даброт патрэбна чалавеку і якія з іх найбольш важныя. Як у такім разе вызначаць узровень дабрабыту і як супастаўляць гэты паказчык? Вучоныя лічаць, што для вызначэння ўзроўню дабрабыту трэба выкарыстаць больш як 220 колькасных і якасных паказчыкаў, сярод якіх асноўныя: даходы і спажыванне (аплата працы, рэальныя даходы, зберажэнні, выплаты і льготы, продаж тавараў народнага спажывання, аб'ём і структура спажывання); жыллёвыя ўмовы; суадносіны рабочага і свабоднага часу; сярэдняя працягласць жыцця; узровень адукацыі, аховы здароўя, культуры і інш.

Паводле ацэнак спецыялістаў, зараз налічваецца больш як 1 мільён разнастайных патрэб у прадметах спажывання (адзенне, прадукты харчавання, кватэра, мэбля, аўтамабіль і інш.) і некалькі дзесяткаў тысяч - у паслугах і сацыяльных дабротах (адукацыя, адпачынак, ахова здароўя, рамонт бытавой тэхнікі і іншае). Даступнасць іх спажывання залежыць ад узроўню эканамічнага развіцця краіны, яе сацыяльнай палітыкі, месца асобных сацыяльных груп у грамадстве. Вызначальны фактар дабрабыту - узровень даходаў, наяўнасць зберажэнняў і асабістай маёмасці (багацця), што фактычна падзяляе грамадства на багатых і бедных. Нават у развітых краінах, дзе даволі высокі паказчык дабрабыту, існуе значная праслойка абяздоленых людзей. А ў цэлым у свеце, найперш у краінах, якія позна сталі на шлях незалежнага развіцця, мільёны людзей паміраюць ад голаду, жывуць у трушчобах, не могуць атрымаць адукацыю, медыцынскую дапамогу, пазбаўлены элементарных бытавых умоў.

Пэўнае ўяўленне пра дабрабыт дае індэкс чалавечага развіцця - інтэгральны паказчык, які разлічваецца па ініцыятыве ААН на аснове паказчыкаў даўгалецця (чаканая працягласць жыцця пры нараджэнні), адукаванасці (пісьменнасць дарослых і сярэдняя колькасць гадоў навучання) і даходаў (велічыня валавога ўнутранага прадукту ў разліку на душу насельніцтва). Па гэтых паказчыках за 1991-1992 Беларусь заняла 40-е месца сярод краін свету. Але спецыялісты лічаць, што рэальны ўзровень дабрабыту ў краіне значна ніжэйшы. Ва ўмовах сацыяльна-эканамічнага крызісу за мяжой беднасці аказалася амаль 2/3 насельніцтва. З-за высокіх цэн і слабай сацыяльнай аховы істотна зменшылася спажыванне харчовых прадуктаў, для значнай часткі насельніцтва рэальнымі сталі недаяданне і галаданне. Расце беспрацоўе, абвастраецца жыллёвая праблема, пагаршаецца медыцынскае абслугоўванне, узрастаюць бездухоўнасць і злачыннасць. Усё гэта з улікам радыяцыйнага чарнобыльскага бедства адмоўна ўплывае на маральны стан грамадства і здароўе людзей, што прывяло да пагражальных вынікаў: смяротнасць перавысіла нараджальнасць, а сярэдняя працягласць жыцця мужчын зменшылася да 62,1 года (1996).

Паведаміць пра недакладнасьць